Прамова Федэральнага міністра Габрыэля на Мінскім форуме на тэму “Беларусь у Еўропе” ў пятніцу 17.11.2017

BM Gabriel in Minsk Увеличить картинку (© Thomas Imo/photothek.net)

Дарагі калега Макей,

глыбокапаважаны спадар прафесар Лінднер,

шаноўнае спадарства,

найперш шчыра дзякую за запрашэнне. Я думаю, мы абодва былі рады сюды прыехаць.

Тэма сустрэчы: Еўропа, Расія і Беларусь, і мой калега Макей выказаў занепакоенасць, што Беларусь можа апынуцца ў такім становішчы, калі яна як краіна будзе зацёртая паміж гэтымі дзвюма пазіцыямі. Аднак мне больш даспадобы іншы вобраз: я хацеў бы бачыць Беларусь як мацаванне. Мацаванне, якое звязвае паміж сабой абодва бакі: Еўропу і Расію.

Шаноўнае спадарства,

я пэўны: практычна ўсім у гэтай зале – прынамсі, немцам – нешта кажа імя Марціна Лютэра.

Сёлета мы святкуем 500-годдзе Рэфармацыі ў Германіі. Рэфармацыі, якая пачалася ў 1517 годзе з тэзісаў Лютэра.

І два тыдні таму ў Вітэнбергу, гэтым маленькім горадзе ў зямлі Саксонія-Ангальт, мы ўрачыста адзначылі юбілей Рэфармацыі.

Аднак я мяркую, што немцы і пратэстанты па-за межамі Германіі, пачуўшы імя Францыска Скарыны з Полацку, змогуць прыгадаць зусім не так шмат.

Скарына быў кнігадрукаром і знакамітым беларускім сучаснікам Лютэра. Як і Лютэр, ён апублікаваў 500 гадоў таму першыя фрагменты свайго перакладу Бібліі на беларускую мову.

Чаму я кажу пра гэта сёння на пачатку сваёй прамовы?

Я кажу гэта не таму, што Рэфармацыя адзначае свой юбілей, але таму, што гэта дэманструе нам: ёсць рэчы, якія звязваюць нас нашмат мацней і даўжэй, чым мы, магчыма, звыклі лічыць, трымаючы гэтую звычку напагатове ў сваёй памяці.

І мне здаецца, што многія нават не усведамляюць, наколькі Беларусь знаходзіцца ў сэрцы Еўропы – не толькі геаграфічна, але і гістарычна. Беларусь – гэта спрадвечна еўрапейская краіна з багатай гісторыяй і культурай, якая шчыльна знітаваная з агульнаеўрапейскай гісторыяй. Можна сказаць, што гэта ішло ёй на карысць у добрыя часы, але яна вымушаная была і шмат пакутаваць, калі Еўропа апыналася ў благіх умовах і цяжкім стане.

На мой погляд, размаўляючы сёння пра нядаўнюю гісторыю і сучаснасць нашых двухбаковых адносін паміж Беларуссю і Еўропай, не менш важна помніць, якія напраўду глыбокія гістарычныя сувязі мы маем.

Мы святкуем сёння два юбілеі:

З аднаго боку, мы адзначаем 20-годдзе Мінскага форуму. Хоць там, за маёй спінай, на сцяне паказваюць лічбу “15” – і гэта кажа нам, што форум праводзіўся не заўжды і што былі таксама і цяжкія часы.

А гэты форум, з майго гледзішча, ёсць сапраўды важным інструментам: ён прапануе магчымасць крытычнага і адначасова вельмі канструктыўнага дыялогу, заснаванага на цесным партнёрстве паміж Беларуссю і Германіяй, і прыцягвае не толькі вядомых палітыкаў, але таксама грамадзянскую супольнасць і прадстаўнікоў бізнесу.

Таму гэта было так важна, каб мы сёння размаўлялі тут усе разам паміж сабой. І такое сапраўды здарылася ўпершыню: на форуме выступаюць адразу двое міністраў замежных спраў.

А з іншага боку, мінула 25 гадоў, як Беларусь і Германія аднавілі дыпламатычныя стасункі. І тады, і сёння гэта ні ў якім разе не было і не ёсць нечым само сабой зразумелым і відавочным. І я не ведаю, наколькі ясна разумеем мы, немцы, які гэта цуд і які гэта вялікі падарунак, зроблены нам гісторыяй.

Беларусь – тая краіна, якая найбольш пацярпела ад нямецкай акупацыі, Другой сусветнай вайны і нацысцкага тэрору. І адкрыццё мемарыялу “Трасцянец” – яго трэба называць месцам знішчэння людзей, месцам масавых забойстваў – нагадвае нам пра гэта. І ў тым, што такая краіна зычліва і адкрыта працягвае руку нам, немцам, сапраўды няма нічога самавідавочнага. Як не было нічога само сабой зразумелага і ў тым, што праз некалькі гадоў пасля заканчэння Другой сусветнай вайны тыя краіны, па якіх пракацілася, спальваючы і забіваючы, нямецкая навала, запрасілі нас вярнуцца за стол перамоваў цывілізаваных народаў і разам заснаваць Еўропу.

Я не магу ўявіць сабе, што такі крок у гэтых краінах меў вялікую папулярнасць – у Францыі, Нідэрландах, Бельгіі, Люксембургу, Італіі.

Тое, што дзяржаўныя дзеячы гэтых краін сказалі: “І ўсё ж мы хочам цяпер разам з немцамі пабудаваць мірную Еўропу, бо без іх не атрымаецца” – пэўне ж, гэта было не проста, пэўне ж, гэта выклікала шмат пярэчанняў.

Шаноўнае спадарства,

я кажу гэта, бо, на маю думку, сёння мы можам успомніць, што такое насамрэч магчыма: нягледзячы на свае жахлівыя ўспаміны і досвед, людзі – нават належачы да пакалення, якое гэты досвед непасрэдна закрануў – у стане павярнуцца тварам адно да аднога і зрабіцца з ворагаў партнёрамі, а з цягам часу нават сябрамі.

І ў свеце, які з кожным днём усё больш угрузае ў канфліктах, свеце, дзе на павестцы дня войны, у тым ліку грамадзянскія, тэрор і канфрантацыя і дзе мы больш не пэўныя, ці будзе ў распараджэнні нашых дзяцей той самы сусветны парадак, якім мы яго ведаем, карысна прыгадаць, што існуе і такі досвед. Што існуюць такія гісторыі, у якіх краіны, якія зацята варагавалі, робяцца нягледзячы на гэта партнёрамі і сябрамі.

І за тое, што ў нас гэтак атрымалася з Беларуссю, мы дзякуем людзям гэтай краіны. І наша ўдзячнасць, вядома ж, азначае таксама, што мы бачым сваю ўсё большую адказнасць і адчуваем клопат за тое, каб гэтыя партнёрства і сяброўства заставаліся і развіваліся і каб мы, нават калі паміж намі існуюць цяжкасці і адрозненні, спрабавалі іх пераадолець.

Мяне вельмі ўзрушыла адкрыццё выставы ў Трасцянцы сёлета ў сакавіку, у 75-ю гадавіну дэпартацыі гамбургскіх яўрэяў у Мінск. І я мяркую, гэта неверагодна важна, што такія сведкі тых падзей, як Курт Маркс, выступілі там, спрычыніўшыся да вяртання загінулым іхнай ідэнтычнасьці, вырваўшы іх з забыцця, але пры гэтым і перадаўшы пасланне нам – у будучыню. І я вельмі ўдзячны, што атрымалася стварыць канцэпцыю супольнай нямецка-беларускай выставы ў гэтым месцы масавага знішчэння. Выставы, якую можна было пабачыць у Мінску, недалёка ад фактычнага месца тых злачынстваў – але таксама і ў Германіі, дзе, мне здаецца, гэтае месца ўсё яшчэ малавядомае. На такім фоне тыя добрыя двухбаковыя адносіны, пра якія сёння рупяцца нашыя краіны – сапраўды агромністае дасягненне.

Але і мы таксама мусім клапаціцца пра гэтыя стасункі і ўзбагачаць іх новым зместам. І ўсе тыя, хто выкарыстоўвае Мінскі форум для навядзення мастоў, умацавання нашых сувязяў і дальнабачнага ўсталявання кантактаў, робяць тут цудоўную справу.

Гэта тычыцца Нямецка-беларускага таварыства і Міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Іаганеса Рау. Словаў удзячнасці заслугоўваюць і Фонд нямецка-польскага супрацоўніцтва, а таксама Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў і Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацый, а таксама Фонд імя Конрада Адэнаўэра і Фонд імя Фрыдрыха Эберта, якія падтрымліваюць правядзенне гэтага мерапрыемства.

Усе яны робяць свой унёсак у тое, што сёння – праз 72 гады пасля заканчэння Другой сусветнай вайны і праз 25 гадоў пасля абвяшчэння беларускай незалежнасці – нашыя адносіны вызначаюцца шырынёй і разнастайнасцю.

Шаноўнае спадарства,

адлегласць ад Берліна да Мінска можна адолець менш чым за паўтары гадзіны – па часе гэта бліжэй, чым да Парыжу. Відавочна, што знаходзячыся так блізка, мы можам разам выступаць супраць тых выклікаў сучаснасці, якія перакрочылі ўжо нацыянальныя межы асобных дзяржаў: абыходжанне з уцекачамі, барацьба з тэрарызмам і змены клімату.

Менавіта ў гэтым – сумесным супрацьстаянні такім выклікам – і ёсць сэнс Усходняга Партнёрства Еўрапейскага Саюза. Праз тыдзень у Брусэлі 28 дзяржаваў-чальцоў і шэсць краін-партнёраў збяруцца на саміце Усходняга партнёрства, дзе размова пойдзе пра наступныя асноватворныя пытанні нашага будучага Партнёрства:

Як – улічваючы вельмі розныя ўяўленні асобных краін-партнёраў пра іх адносіны з Еўрапейскім Саюзам – захаваць інклюзіўнасць Усходняга Партнёрства і яго рэгіянальнае адзінства?

Як мы можам умацаваць супрацоўніцтва ў самім рэгіёне?

Як будаваць нашыя адносіны з Расіяй?

І як – з Цэнтральнай Азіяй?

А са свайго боку, нам трэба запытацца ў саміх сябе, як і чым неабходна забяспечыць ЕС, каб ён заставаўся прыдатны для супрацоўніцтва з усходнімі партнёрамі.

Ці, магчыма, нават паставіць такое пытанне: як зрабіць, каб Еўрапейскі Саюз, створаны з мэтай забеспячэння міру і дабрабыту ўнутры сваіх межаў, развіўся ў тое, чым ён мусіць стаць: а менавіта ў гульца на міжнароднай арэне. Бо канфлікты і змены, якія адбываюцца ў свеце, патрабуюць ад нас, каб мы як Еўропа былі заўважныя ў сусветнай палітыцы, як знешняй, так і ўнутранай.

Адначасова мне падаецца надзвычай важным пакідаць прастору і магчымасці для індывідуальных уяўленняў партнёраў. У тым ліку адмыслова прыслухоўваючыся да патрэбаў малых дзяржаваў-партнёраў.

Шаноўнае спадарства,

адзін з асноватворных прынцыпаў Еўрапейскага Саюзу палягае якраз у тым, што адрозненне паміж “вялікімі” і “малымі” дзяржавамі не з’яўляецца вырашальным. Еўрапейскі Саюз паўстаў не дзякуючы “пануючай ролі” нейкай адной дзяржавы, ён трымаецца на прынцыпе, што мы размаўляем адно з адным на роўных і што, напрыклад, такая малая дзяржава, як Мальта, не менш важная і мае не менш правоў за вялікія.

Часам мы, немцы, вымушаныя тлумачыць гэта нашым партнёрам у свеце. Бо ў Маскве, Пекіне і Вашынгтоне час ад часу ўзнікае ўяўленне, што размаўляць варта толькі з Германіяй. У ім адчуваецца пэўная дыстанцыяванасць у дачыненні да Еўрапейскага Саюза – часам ён бачыцца ім нейкай дзіўнай канструкцыяй, якая не мае звыклага “чырвонага тэлефону” і паводзіны якой цяжка пралічыць.

Але я думаю, што менавіта нам, немцам, важна падкрэсліць: так, мы хочам быць якарам стабільнасці, так, мы хочам несці адказнасць, але той, хто размаўляе з Еўропай, не можа размаўляць толькі з намі – яму давядзецца размаўляць і з іншымі.

Інакш кажучы, Еўропа – гэта мы ўсе; ніхто з нас не больш і не менш значны за астатніх. І якімі б важнымі ні былі нямецка-французскія ініцыятывы – з іх адных не складаецца ўся Еўропа. Еўропа – гэта такое ўтварэнне, дзе няма панавання і ў якой мы можам прадстаўляць агульныя інтарэсы толькі разам.

Шаноўнае спадарства,

шмат гадоў кантакты паміж Еўрапейскім Саюзам і Беларуссю былі абмежаваныя і цяпер нам, вядома, трэба зноў наладжваць узаемаразуменне і ўзаемны давер. Але мы маем для гэтага добрую базу.

З 2016 году існуе Каардынацыйная група ЕС-Беларусь, якая працуе ў фармаце рэгулярнага дыялогу. Кантакты паміж прадстаўнікамі ўрадавых колаў, якія ажыццяўляюцца там часткова пры ўдзеле грамадзянскай супольнасці, цяпер мы можам працягваць на палітычным узроўні.

Але для развіцця сапраўды цесных узаемадачыненняў абмен паміж намі павінен адбывацца ў тым ліку менавіта і на ўзроўні грамадстваў нашых краін. І таму такую неверагодна важную ролю тут адыгрывае мабільнасць!

Нам варта прыцягваць да гэтага абмену ўсе слаі нашага грамадства, і, у прыватнасці, моладзь: школьнікаў і студэнтаў. А таксама прадстаўнікоў эканомікі і культуры, якія атрымлівалі б неабходны ім вопыт. І найлепшы шлях да гэтага – паездкі з краіны ў краіну і сустрэчы з людзьмі.

Беларусь скасавала візавы рэжым пры кароткатэрміновых паездках для грамадзянаў і грамадзянак 80 краін, у тым ліку для ўсіх краін Еўрапейскага Саюза. Гэта цудоўны сігнал. І, дарэчы, сігнал, які сведчыць пра пачуццё ўласнай годнасці.

Мы вядзем перамовы паміж ЕС і Беларуссю пра пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму. Мы прасунуліся ўжо дастаткова далёка, і мне хацелася б, каб мы як мага хутчэй вырашылі тыя пытанні, якія засталіся, і прадэманстравалі гнуткасць, каб апошнія метры не атрымаліся ў нас занадта доўгімі.

Апрача таго, Беларусь хацела б заключыць сваё ўласнае рамачнае пагадненне з ЕС, як і іншыя дзяржавы Усходняга партнёрства. Асабіста я лічу, што такое пагадненне адпавядала б інтарэсам абодвух бакоў. Германія мае намер падтрымаць яго. Гэта звязана таксама і з тым, як развіваецца Беларусь, і ці паступаюць правільныя сігналы, што сведчылі б пра крокі насустрач і пра давер.

Таму што пры ўсім аптымізме мы павінны заставацца шчырымі:

нашы адносіны доўгі час не былі пазбаўленыя хібаў.

Праца Мінскага форуму была прыпыненая на некалькі гадоў, а той факт, што час ад часу ўзнікаюць супраціў і скептыцызм, звязаны з прычынамі, якія часткова існуюць і цяпер.

Вяршэнства права, незалежнае правасуддзе, выбарчая рэформа, свабода сходаў, складаная тэма смяротнага пакарання – гэтыя пытанні застаюцца цэнтральнымі для паляпшэння нашых адносін.

Але ёсць і станоўчыя сігналы. У Беларусі быў складзены Нацыянальны план дзеянняў у галіне правоў чалавека. Гэта правільны крок для дасягнення канкрэтнага прагрэсу ў галіне правоў чалавека і грамадзянскіх правоў. Цяпер план павінен выконвацца.

Мой калега Макей ведае, што мне хацелася б, каб былі зробленыя крокі, якія прывядуць Беларусь у Раду Еўропы.

У яе ўваходзяць 47 дзяржаваў. Там знаходзяцца Расія, Украіна і ўсе дзяржавы-чальцы Еўрапейскага Саюза. Але на карце ёсць вялікая “пляма”, якая не ўваходзіць у Раду, і я лічу, мы павінны працаваць над тым, каб сітуацыя змянілася. Па абодва бакі павінен вырасці давер, і тады, магчыма, усё ж можна будзе дасягнуць большага прагрэсу па гэтай тэме.

Мы хочам зрабіць гэтыя крокі разам з Беларуссю. Мы прапануем шчыльнае супрацоўніцтва ў многіх сферах – з намі, з ЕС і АБСЕ. І мы ўпэўненыя, што зерне гэтых прапаноў упала на добрую глебу.

Шаноўнае спадарства,

гатоўнасць да дыялогу і абмену – гэта тое, што дазваляе нам вызначаць напрамкі для будучых узаемадачыненняў і наводзіць масты ў Еўропе.

Мы павінны быць зацікаўленыя ў тым, каб надаць гэтаму дыялогу паміж Германіяй і Беларуссю сталы характар і напоўніць яго яшчэ большым практычным зместам. Мінскі форум – бадай што ідэальная пляцоўка для гэтага. Давайце карыстацца ёй не толькі ў наступныя дні, але і ў будучым.

Бо ў нас за плячыма не толькі 25 гадоў дыпламатычных адносін, але і прынамсі 500 гадоў цікавых узаемадачыненняў. У 2017 годзе мы адзначаем юбілей Рэфармацыі, а ў ёй закладзенае слова “рэформа”. Я думаю, гэта добрая задача для нас усіх.

Вялікі дзякуй, што запрасілі нас.