Новы стары Берлінале: Zoo Palast сустракае гасцей

Кінатэатр, які зноў адкрыўся, падорыць гледачам незабыўныя ўражанні ад прагляду новых блокбастэраў Павялічыць фота Кінатэатр, які зноў адкрыўся, падорыць гледачам незабыўныя ўражанні ад прагляду новых блокбастэраў (© picture alliance / dpa) Афіцыйны слоган берлінскага кінатэатра Zoo Palast, які адкрыўся пасля рэканструкцыі, гучыць так: «Кіно вяртаецца». Пафасным ён можа падацца толькі таму, хто незнаёмы з гісторыяй легендарнага будынка. Zoo Palast – адзін з сімвалаў нямецкага кінематографа, месца, у якім Берлинскі кінафестываль вырас у буйнейшы кінаагляд свету.

Летам 1957 года ўсе цягнікі, што прыбывалі на станцыю Zoologischer Garten у Заходнім Берліне, былі перапоўненыя. Гледачы з'язджаліся з усёй Еўропы, каб трапіць на адкрыццё 7-га Берлінскага кінафестываля і паглядзець на яго новы дом – толькі што адбудаваны кінатэатр Zoo Palast. Будынак падабаўся не толькі арганізатарам кінапрагляду і звычайнай публіцы, але і зорным гасцям. Па чырвонай дарожцы прайшлі Інгмар Бергман, яго любімая актрыса Бібі Андэрсан і ікона Заходняй Германіі Хільдэгард Кнеф, у прасторным холе раздавала аўтографы юная Ромі Шнайдэр, па карыдорах хадзіў Генры Фонда. Галоўны прыз фестываля «Залаты мядзведзь» быў уручаны дэбютнаму фільму Сідні Люмета «12 разгневаных мужчын».

Zoo Palast прымае Берлінале 1957 года Павялічыць фота Zoo Palast прымае Берлінале 1957 года (© picture alliance / dpa) На самой справе гісторыя гэтага месца пачалася значна раней. Кіно тут глядзелі прыкладна з тых самых часоў, калі вынаходніцтва братоў Люм'ер прыйшло ў Германію. Перад будаўніцтвам Zoo Palast на плошчы побач з вакзалам стаяў іншы кінатэатр – Palasttheater am Zoo, які ў 20-я гады быў перададзены буйнейшай кинастудыі краіны UFA і перайменаваны ў яе гонар у Ufa-Palast am Zoo. Студыя праводзіла ў ім свае галоўныя прэм'еры: напрыклад, у 1927 годзе рэжысёр Фрыц Ланг паказваў тут сваю грандыёзную антыўтопію «Метраполіс». Кінатэатр лічыўся адной з самых багатых устаноў даваеннага Берліна. У яго быў уласны аркестр, уласны кардэбалет і духавы арган, на якім тапёры «агучвалі» нямое кіно.

Падчас Другой сусветнай вайны будынак у выніку авіяналётаў пераўтварыўся ў пачварныя руіны, якія грувасціліся на плошчы аж да 1955 года. Як раз у гэты час кіраўніцтва Берлінале задумалася аб пошуку падыходзячай пляцоўкі для кінафестываля, які хутка пашыраўся. На гістарычным месцы было вырашана ўзвесці новы кінатэатр, які атрымаў назву Zoo Palast. Спачатку ў ім было ўсяго дзве залы, пазней кінатэатр перабудавалі і давялі іх колькасць да дзевяці. Юная Ромі Шнайдэр у фае Zoo Palast Павялічыць фота Юная Ромі Шнайдэр у фае Zoo Palast (© picture alliance / dpa)

Галоўным фестывальным цэнтрам Берлінале кінатэатр служыў амаль паўстагоддзя – з 1957-га па 1999. Конкурсныя прэм'еры, чырвоныя дарожкі, цырымоніі адкрыцця і ўручэння ўзнагарод, урачыстыя прамовы, ушаноўванне класікаў кінематографа – усё гэта адбывалася ў Zoo Palast. Не пуставаў будынак і без фестываля: круглы год туды хадзілі глядзець кіно звычайныя гледачы, якія ўпадабалі кінатэатр за зручнае размяшчэнне і раскошнае ўбранне залаў, дзякуючы якому наведванне любога сеансу станавілася сапраўднай культурнай падзеяй ў жыцці грамадзяніна.

Аднак ужо к сярэдзіне 90-х, нягледзячы на павелічэнне колькасці залаў, Берлінскі фестываль разросся да такіх маштабаў, што Zoo Palast стаў яму цесны. У залах кінатэатра маглі ўмясціцца 2758 гледачоў, а на Берлінале толькі колькасць акрэдытаваных журналістаў стала набліжацца да трох тысяч чалавек. Сам будынак, фасад якога быў прызнаны помнікам архітэктуры, прыкметна заняпаў. У 2000 годзе Берлінале пераехаў на Патсдамскую плошчу і зрабіў сваёй галоўнай залай новенькі трохпавярховы тэатр Berlinale Palast.

Стары кінатэатр быў зачынены на рэканструкцыю. Рэстаўратары паабяцалі, што вернуць яго гледачам у лепшым выглядзе. Абяцанне яны стрымалі. 27 лістапада 2013 г. Zoo Palast зноў расчыніў свае дзверы для кінаманаў. Паколькі фасад будынка, а таксама самыя старыя залы нумар 1 і 2 знаходзяцца пад абаронай дзяржавы, іх не перабудоўвалі, а толькі адрэстаўравалі. Агульную колькасць залаў, праўда, прыйшлося паменшыць: зараз іх роўна сем. Між іншым, у новых памяшканнях таксама ёсць на што паглядзець. Адна з залаў, напрыклад, атрымала назву «Клуб сінефілаў» (Cineasten-Club). У ёй класічныя чырвоныя сядзенні стаяць у атачэнні высокіх кніжных паліц. Узяць кнігу пра кіно і паставіць на яе месца сваю, якую ўжо прачытаў, можа кожны жадаючы. Zoo Palast мае адну з самых вялікіх залаў у Германіі з навейшай сістэмай гуку Dolby Atmos Павялічыць фота Zoo Palast мае адну з самых вялікіх залаў у Германіі з навейшай сістэмай гуку Dolby Atmos (© picture alliance / dpa )

Тэхнічнае абсталяванне кінатэатра зараз таксама на вышыні. Zoo Palast мае адну з самых вялікіх залаў у Германіі з навейшай сістэмай гуку Dolby Atmos.

Усталяваны новыя праектары: скажам, другую частку «Хобіта» Пітэра Джэксана наведвальнікі кінатэатра змогуць глядзець у фармаце HFR High Frame Rate, гэта значыць з высокай частатой кадраў.

Але галоўная навіна для кінаманаў – вяртанне ў Zoo Palast Берлінскага фестываля. Зразумела, кінатэатр ужо не зможа лічыцца цэнтральнай пляцоўкай кінаагляду – Берлінале цудоўна прыжыўся на Патсдамскай плошчы і не збіраецца адтуль з'язджаць. Але больш вялікіх памяшканняў у цэнтры горада фестывалю ўсё ж не хапае. Мяркуецца, што ў Zoo Palast будуць праходзіць прэм'еры другой па значнасці праграмы «Панарама», а таксама дыскусіі і абмеркаванні фільмаў. Дырэктар Берлінале Дытэр Кослік (Dieter Kosslick), вялікі прыхільнік Zoo Palast, які называў яго «некалі самым прыгожым кінатэатрам краіны», заявіў, што ў дырэкцыі вялікія планы на новы будынак: «Гэта наша гісторыя. Мы вяртаемся туды, адкуль мы прыйшлі».

Афіцыйны сайт кінатэатра – www.zoopalast-berlin.de

Ксенія Рэўтава

11.12.2013

Новы стары Берлінале: Zoo Palast сустракае гасцей

Altes Rathaus in Bamberg