Сучасная архітэктура Германіі: многа святла, многа сэнсу

Евангелічная царква Immanuelkirche была ганаравана галоўнай архітэктурнай прэміяй 2015 года Павялічыць фота Евангелічная царква Immanuelkirche была ганаравана галоўнай архітэктурнай прэміяй 2015 года (© picture alliance / dpa)

Не столькі радуючай вока, колькі экалагічнай, функцыянальнай, а таксама скіраванай у будучыню павінна быць архітэктура сучаснасці. З гэтага зыходзілі сябры журы, якія вызначылі лаўрэата Нямецкай архітэктурнай прэміі гэтага года. У папярэднія гады перавага надавалася больш крэатыўнаму падыходу і цікавым мастацкім рашэнням.

Галоўную архітэктурную прэмію 2015 года атрымала берлінскае бюро Sauerbruch  Hutton. Заснаваная ў 1989 годзе міжнародная кампанія спецыялізуецца на гарадскім будаўніцтве і архітэктурных рашэннях. Перамогу, а разам з ёй і прэмію ў памеры 30 тысяч еўра, будаўнікам прынесла новая евангелічная царква Immanuelkirche і абшчынны цэнтр у Кёльне, які адносіцца да яе.

Кірха па сваёй архітэктуры вельмі сціплая, зусім непрыкметная, затое функцыянальная, сучасная і экалагічная, а значыць, ідэальна адпавядае патрабаванням сучасных горадабудаўнікоў. Гэтыя якасці будынка і ацанілі ў першую чаргу сябры журы. Па словах федэральнага міністра будаўніцтва Барбары Хендрыкс, пабудова «яскрава і наглядна дэманструе, што нацэленая на будучыню архітэктура мае індывідуальнасць і дае важныя імпульсы да свядомага абыходжання з навакольным асяроддзем». Адкрыты ў 2013 годзе царкоўны комплекс пабудаваны з фінскай сасны.

Жылы комплекс Am Lokdepot Павялічыць фота Жылы комплекс Am Lokdepot (© picture alliance / Wolfram Steinberg)

Жылы комплекс Am Lokdepot

Апроч пераможцы журы адзначыла яшчэ пяць будаўнічых праектаў, стваральнікі якіх атрымаюць па 5 тысяч еўра. Адзін з іх – жылы комплекс Am  Lokdepot, размешчаны ў цэнтры Берліна, паміж плошчай Патсдамэр Плац і раёнамі Кройцберг і Шонэберг. Галоўная ідэя аўтараў комплекса – супрацоўнікаў архітэктурнага бюро ROBERTNEUN GmbH – заключалася ў тым, каб «запусціць» унутр памяшкання прастору, што акружае будынак.

Кватэры ў гэтым комплексе ярка-чырвонага колеру, што кідаецца ў вочы, прадаюцца ў «сырым» стане, каб гаспадары маглі арганізаваць унутраную прастору па сваім гусце. Размяшчэнне сцен-перагародак можна ў любы момант змяніць. А вокны зроблены максімальна вялікімі, каб у памяшканні было дастаткова дзённага святла.

Яўрэйскі музей у Берліне Павялічыць фота Яўрэйскі музей у Берліне (© picture alliance / Herve Champollion / akg-images)

Яўрэйскі музей у Берліне

Многа святла, многа сэнсу і простая, але нечаканая геаметрыя – вось рысы, якія характэрызуюць самыя вядомыя з пункту гледжання архітэктуры новыя будынкі Германіі. Адным з сімвалаў сучаснай германскай архітэктуры лічыцца зігзагападобны новы будынак  Яўрэйскага  музея  ў  Берліне, пабудаваны ў 1999 годзе амерыканскім архітэктарам Даніэлем Лібэскіндам. Дарэчы сказаць, гэты ўзор дэканструктывізму таксама быў у свой час лаўрэатам Архітэктурнай прэміі і выклікаў выбухі апладысментаў у прафесійным асяроддзі.

Ідэя архітэктара, што прынесла яму сусветную славу, заключалася ў тым, што ломаная лінія будынка і бетонныя нямыя сцены дапамагаюць наведвальнікам зразумець гісторыю яўрэйскага народа, поўную бедстваў і ганенняў. Гэта новы тып арганізацыі прасторы, створанай вакол пустэчы. «Я зразумеў, што на гэту тэму можна выказацца толькі маўчаннем», – так каментаваў Лібэскінд свой самы паспяховы праект.

Па праектах Даніэля Лібэскінда ў стылі «новага мадэрнізму» пабудаваны вядомыя будынкі не толькі ў Германіі, але і ў ЗША, Швейцарыі, Карэі. Акрамя Яўрэйскага музея ўнёскам Лібэскінда ў сучаснае архітэктурнае аблічча Германіі з'яўляецца, напрыклад, новая частка Ваенна-гістарычнага музея ўзброеных сіл у Дрэздэне. Канструкцыя гэтай прыбудовы са шкла нагадвае іншародны клін, які літаральна ўразаецца ў фасад старога будынка арсенала пабудовы 1877 года. Важную ролю ў гэтым архітэктурным праекце адыгрывае гульня святла і ценю, якая сімвалізуе, паводле задумцы Лібэскінда, кантрасты ў ваеннай гісторыі Германіі.

Музей Фелікса Нусбаўма ў Аснабруку Павялічыць фота Музей Фелікса Нусбаўма ў Аснабруку (© picture alliance / dpa)

Музей Фелікса Нусбаўма ў Аснабруку

Вядомы таксама футурыстычны будынак Музея Фелікса Нусбаўма ў Аснабруку – самая першая пабудова Лібэскінда. Гэту канцэпцыю архітэктар вызначае як «музей без выхаду». Будынак цікавы непрадказальнай геаметрыяй унутранай прасторы: шматлікія тупікі і калідоры, якія звужаюцца, сімвалізуюць складаны жыццёвы шлях Фелікса Нусбаўма.

Каб правільна зразумець накірунак сучаснай архітэктуры, варта паглядзець на эскізы будынка гамбургскай Філармоніі на Эльбе – яму прадказваюць у будучыні статус новага сімвала горада. Пакуль жа канцэртнай зале прысвоены статус «вечнай будоўлі», якая цягнецца з 2007 года. Архітэктары швейцарскага бюро Herzog & de Meuron вырашылі зрабіць старому цаглянаму будынку сучасную надбудову са шкла з дахам выгнутай формы. Будоўля зацягнулася з-за шэрагу пралікаў і будаўнічых памылак. 

Ксенія Максімава                                                                                                                

21.10.2015                                                                                                                          

www.germania-online.diplo.de

Сучасная архітэктура Германіі: многа святла, многа сэнсу

Гамбургская Філармонія на Эльбе