Берлінская філармонія: палову стагоддзя на арэне

Берлінскую філармонію ў народзе жартам называюць «Цырк Караяна» Павялічыць фота Берлінскую філармонію ў народзе жартам называюць «Цырк Караяна» (© picture-alliance/ DUMONT Bildarchiv) У самым цэнтры Берліна, усяго ў некалькіх кроках ад Патсдамскай плошчы, знаходзіцца асіметрычны будынак, сцены якога ўпрыгожаны масіўнымі залацістымі пласцінамі. Гэта Берлінская філармонія – адна з самых вядомых канцэртных залаў свету, якая ў кастрычніку 2013 года адзначыла 50-гадовы юбілей. 

Цяперашні будынак філармоніі, разумеецца, не першы «дом» Берлінскага філарманічнага аркестра (Berliner Philharmoniker). Перад Другой сусветнай вайной музыканты давалі канцэрты ў пампезнай пабудове, узведзенай у стыле класіцызму.

У студзені 1944-га яна сур'ёзна пацярпела падчас чарговай бамбёжкі. Аркестр застаўся без даху над галавой і ў першыя пасляваенныя гады вымушаны быў іграць пад адкрытым небам на фоне руін.

У 50-я гады ўлады Заходняга Берліна знайшлі месца для новага будынка філармоніі ў паўднёвай частцы парка Ціргартэн, ля самай Берлінскай сцяны. Зараз гэты раён назвалі б «дэпрэсіўным»: на сотні метраў вакол не было нічога, акрамя шэрага асфальту.

Сам праект берлінцам таксама не адразу прыйшоўся даспадобы. Нямецкі архітэктар Ганс Шарун (Hans Scharoun) спраектаваў асіметрычны будынак у форме шатра, зусім не падобны на класічныя пабудовы нямецкай сталіцы. За авангарднай формай стаяла ясная ідэя: аб'екты новага Берліна павінны былі стаць поўнай працілегласцю пафаснай манументальнай архітэктуры часоў нацыянал-сацыялізму. У цэнтры ўвагі – чалавек, а не канструкцыя, функцыя будынка – служыць людзям, а не прыгнетаць іх сваімі аб'ёмамі і магутнасцю.

З 1955 года аркестр Берлінскай філармоні ўзначальваў легендарны аўстрыйскі дырыжор Герберт фон Караян (Herbert von Karajan). У распрацоўцы праекта новага будынка ён прымаў самы актыўны ўдзел. Караян падтрымаў праект Шаруна і нават напісаў членам журы архітэктурнага конкурсу пісьмо, у якім заявіў, што «з усіх прадстаўленых на суд макетаў толькі адзін па-сапраўднаму вылучаецца і па ўзроўню перасягае канкурэнтаў». Жыхары Берліна гэта запомнілі, і пазней будынак Берлінскай філармоніі, які здалёк чымсці нагадвае шацёр цырка-шапіто, атрымаў жартлівую мянушку «Цырк Караяна».

Герберт фон Караян Павялічыць фота Герберт фон Караян (© picture-alliance/ IMAGNO Franz Hubmann) Рэвалюцыйным быў і падыход да арганізацыі ўнутранай прасторы. Зала была задумана не ў выглядзе класічнага амфітэатра (сперадзі – сцэна, ззаду – паўкруглы партэр), а ў выглядзе цыркавой арэны: сцэна размешчана па цэнтры, а ложы – па ўсёй прасторы залы, так што аркестр аказваецца ў атачэнні публікі з усіх бакоў. І Шарун, і Караян сцвярджалі, што новая канструкцыя залы прыкметна палепшыць акустыку. Першы канцэрт, які адбыўся ў будынку Берлінскай філармоніі 15 кастрычніка 1963 года, пацвердзіў, што яны мелі рацыю.

Пазней мадэль Шаруна ўзялі на ўзбраенне вядучыя архітэктары свету, і цяпер па такім жа прынцыпу спраектаваны залы Сіднейскага опернага тэатра, Канцэртнай залы Уолта Дыснея ў Лос-Анжэлесе, Гэвандхаўса ў Лейпцыгу і новага будынка Парыжскай філармоні, што зараз узводзіцца. Калі Вы надумаецеся ўзяць квіток у адну з гэтых устаноў, памятайце: лепшыя месцы – насупраць дырыжора.

Пасля падзення Берлінскай сцяны тэрыторыя вакол філармоніі пачала імкліва мяняцца. Па суседству была наноў пабудавана Патсдамэр-платц, на якой з'явіліся небаскробы і яркі купал «Соні-цэнтра», які змяняе колер. Сама ж Берлінская філармонія стала першым будынкам у праекце культурнага цэнтра «Культурфорум» (Kulturforum), у які таксама ўваходзяць Зала камернай музыкі, што размешчана па суседству з філармоніяй, Берлінская карцінная галерэя, Бібліятэка мастацтваў і яшчэ некалькі важных культурных пляцовак. Зараз ужо гэта не пустынная шэрая ўскраіна, а самы што ні ёсць цэнтр, дзе пастаянна кіпіць жыццё і шпацыруюць сотні турыстаў. За паўстагоддзе змяніўся і знешні выгляд філармоніі: у канцы 70-х будынак з жоўта-карычневага бетону быў аздоблены залацістымі пласцінамі, так што знакаміты купал «Цырка Караяна» цяпер відаць здалёк.

Зала Берлінскай філармоніі разлічана амаль што на дзве з паловай тысячы гледачоў, але нават нягледзячы на такую салідную ўмяшчальнасць, квіткі на большасць канцэртаў трэба купляць загадзя: Берлінскі філарманічны аркестр, якім зараз кіруе выбітны брытанскі дырыжор Сайман Рэтл, як і раней трымае марку і з'яўляецца адным з самых  знакамітых музычных калектываў свету. Сайман Рэтл Павялічыць фота Сайман Рэтл (© picture-alliance / dpa_dpaweb)

Тым, хто ў Германію па розных прычынах прыехаць не можа, класічную музыку дастаўляюць на дом. Берлінская філармонія адной з першых пачала эксперыментаваць з інтэрнэтам і адкрыла на афіцыйным сайце «Лічбавую канцэртную залу» (Digital Concert Hall), якая дае больш за 40 канцэртаў у сезон. Акрамя канцэртаў, віртуальныя гледачы атрымаюць доступ да архіва філармоніі, адукацыйных праграм і інтэрв'ю. Абанемент на месяц каштуе ўсяго 24,90 еўра, на тыдзень – крыху менш за 10, што, пагадзіцеся, намнога танней за квіток у Берлін.

Афіцыйны сайт Берлінскай філармоніі – www.berliner-philharmoniker.de

Ксенія Рэўтава

04.11.2013

http://germania-online.ru/

 

Берлінская філармонія: палову стагоддзя на арэне

Altes Rathaus in Bamberg