Паляванне на мядзведзяў на Берлінале

Сусветнае кіно ў Берліне: на 62-гі міжнародны кінафестываль, які адбудзецца ў сталіцы Германіі з 9 па 19 лютага, зноў з’язджаюцца знакамітыя акцёры і рэжысёры з усяго свету. Ужо дакладна вядома, што прыедуць галівудскія зоркі Анджаліна Джолі, ікона ўсіх тынейджэраў Роберт Пацінсан і двухразовая ўладальніца прэміі «Оскар» Мэрыл Стрып. Ёй будзе ўручаны ганаровы «Залаты мядзведзь» за ўклад у кінамастацтва. Берлінале, які з’яўляецца фестывалем палітычнага і грамадскага кіно, рыхтуе для гледачоў не толькі парад зорак. Заяўлены сур’ёзныя тэмы, у тым ліку стужкі пра кітайскага мастака Ай Вейвей і афрыканскую дзяўчынку-салдата з Конга. У Берліне таксама будзе паказана некалькі мастацкіх і дакументальных фільмаў пра арабскую вясну ў Паўночнай Афрыцы і атамную катастрофу ў японскім горадзе Фукусіма.

62. Berlinale Павялічыць фота (© picture alliance / dpa)

За дзесяць дзён фестывалю, які па статыстыцы збірае больш за ўсё кінагледачоў у свеце, будзе прадэманстравана каля 400 фільмаў. Васемнаццаць з іх (усе сусветныя прэм’еры) удзельнічаюць у афіцыйнай конкурснай праграме і змагаюцца за Залатых і Сярэбраных мядзведзяў. Шансы атрымаць жаданую статуэтку за лепшы фільм у гэтым годзе маюць адразу тры нямецкія рэжысёры. Ханс-Крысціан Шмід, які прадстаўляе стужку “Што застаецца” („Was bleibt“) з Ларсам Айдынгерам і Карынай Харфух у галоўных ролях, удзельнічае ў конкурсе ўжо чацверты раз. А для Крысціана Петцальда (“Барбара” („Barbara“), Ніна Хос у галоўнай ролі) гэта трэці ўдзел у фестывалі. Маціас Гласнер, які ўдзельнічаў у Берлінале з нашумелай драмай “Свабодная воля” („Der freie Wille“), прадстаўляе зараз сваю апошнюю стужку “Літасцівасць” („Gnade“) з Юргенам Фогелем і Біргіт Мініхмайр у галоўных ролях. Па-за конкурснай праграмай пад рубрыкай “Berlinale-Special” ідзе рамантычны фільм Дорыс Дзёры “Шчасце” („Glück“), які быў зняты па апавяданні нямецкага пісьменніка і адваката Фердынанда фон Шыраха. А яшчэ ў гэтым годзе спаўняецца 10 гадоў «кампусу талентаў» («Talent Campus») на Берлінале. Тэма гэтага года - «Changing Perspectives». Мерапрыемства зноў збярэ 350 маладых рэжысёраў з 90 краін свету, якія на працягу тыдня будуць кантактаваць з прафесіяналамі сусветнага кінематографа. Мэта мерапрыемства – падтрымаць таленты і цікавыя кінапраекты

© www.magazin-deutschland.de

Берлінале 2012

Флэш-плэер не ўсталяваны