Berlin Art Week`15 – сусвет сучаснага мастацтва

Павялічыць фота

Калі месяц таму я збіралася ў Берлін на адукацыйны візіт, нават блізка не магла ўявіць, наколькі насычана і цікава правяду гэты тыдзень. Федэральнае Міжнароднае Бюро ФРГ ужо не першы год ладзіць шэраг візітаў для прафесіяналаў розных галін з усяго свету у Германію, гэтым годам мне пашанціла стаць адной з 22 удзельнікаў паездкі з усяго свету на тыдзень мастацтваў у Берлін.  

Падчас гэтага тыдня ўвесь горад ператвараецца ў вялікую прастору для сучаснага мастацтва, кожную гадзіну ў розных частках мастацкай сталіцы Еўропы адбываецца адкрыццё выставы, прэзентацыя, сустрэча з вядомым мастаком ці куратарам, перформанс ці нешта, што мае дачыненне да арт-серады. Падаецца, што ўвесь час нешта адбываецца і шматлікія госці і ўдзельнікі гэтага івэнта з раніцы да раніцы мяняюць адно месца мастацкай актыўнасці на іншае і так адбываецца штодня 24 гадзіны бесперапынна.

Цікавы і той факт, што безудзейным не застаецца ніхто, дзяржаўныя і прыватныя буйныя інстытуцыі, такія як Hamburger Bahnhof - Museum, Kunst-Werke Berlin (таксама штаб-кватэра і адзін з галоўных арганізатараў Берлінскай Біенале), Berlinische Galerie, Sammlung Boros (найбольш цікавая і недасяжная для публікі прыватная калекцыя сучаснага мастацтва) разам з безліччу прыватных камерцыйных галерэй, мастацкіх студый і публічных прастораў разам складаюць такі спіс выстаў і арт-імпрэз, наведаць якія не ў стане нават самы моцны і Павялічыць фота энергічны аматар мастацтваў.

Berlin Art Week гэта таксама 2 кірмашы сучаснага мастацтва ABC I Positions, цікавым з’яўляецца спалучэнне двух розных камерцыйных буйных праектаў, што дазваляе прыцягнуць экспанентам у два разы больш цікаўнасці і забяспечыць продажы. ABC – кірмаш, у якім прымаюць удзел ключавыя галерэі Нямеччыны і Еўропы, на гэтым кірмашы кожная галерэя прадстаўляе аднаго мастака (мастацкае выказванне), што робіць кірмаш больш падобным на велізарную выставу сучасных мастацтваў са спісам удзельнікаў, які не можа ўразіць людзей, што цікавяцца сучасным мастацтвам. Акрамя галоўнай экспазіцыі гасцям кірмашу даецца магчымасць пабачыць асобныя экспазіцыі прыватных калекцый. Кірмаш Positions з'яўляецца больш тыповым для арт-рынку, а удзельнікамі яго з'яўляюцца маладыя галерэі з усёй Еўропы. Вельмі прыемна было сустрэць на гэтым кірмашы маіх старых сяброў і партнёраў з Літвы, Латвіі і Украіны.

Увогуле хачу сказаць, што дадзены візіт яшчэ раз пераканаў мяне ў важнасці спалучэння мастацтва з рэальным жыццём і яго праблемнымі зонамі (сацыяльным, гарадскім развіццём), таксама важнасці працэсаў асваення мастацтвам не прыстасаваных  для гэтага месцаў, а сам горад па праву можа быць арт-лабараторыяй!

Berlin Art Week`15 – сусвет сучаснага мастацтва

www.colourbox.com