У Германіі становяцца папулярнымі экабанкі

Сёння ў Германіі не знойдзецца і дзесяці экалагічных банкаў, аднак аналітыкі ўпэўнены, што менавіта за імі будучыня. Павялічыць фота Сёння ў Германіі не знойдзецца і дзесяці экалагічных банкаў, аднак аналітыкі ўпэўнены, што менавіта за імі будучыня. (© picture alliance / dpa) Усё больш немцаў нясуць свае грошы ў так званыя экабанкі. Таму што хочуць рабіць уклады і ведаць пры гэтым, што робяць свой унёсак у справу захавання навакольнага асяроддзя. І хаця сёння ва ўсёй Германіі знойдзецца не больш за дзесяць «зялёных» банкаў, эксперты ўпэўнены, што заўтра экалагічны складнік банкаўскай справы стане рашаючым фактарам у барацьбе за кліентаў.

Экалагічныя банкі – адна з разнавіднасцяў сацыяльных банкаў – функцыянуюць на правах звычайных гульцоў фінансавага рынку. А таму і паслугі «зялёных» фінансавых інстытутаў нічым не адрозніваюцца ад звычайных: дэпазіты, уклады, каштоўныя паперы, крэдыты, страхаванне. Экабанкі Германіі, як і ва ўсім свеце, забяспечваюць кліентам прыбытак ад укладанняў, аднак іх уласная дзейнасць з’арыентавана на вырашэнне экалагічных праблем. Так, яны інвестуюць у распрацоўку прыродаахоўчых тэхналогій і аддаюць перавагу крэдытаванню кампаній, якія строга выконваюць экалагічныя стандарты.

У посткрызісны час расце колькасць свядомых укладчыкаў, якія жадаюць, каб іх жыццёвыя каштоўнасці адлюстроўваліся і ва ўкладанні грошай. Між іншым, як і самі банкіры: апытанне Цэнтра еўрапейскіх эканамічных даследаванняў (ZEW) паказала, што добрая палова пастаўшчыкоў фінансавых паслуг лічыць social banking доўгатэрміновай тэндэнцыяй рынку. Бо кожны другі бундэсбюргер хацеў бы даверыць свае зберажэнні банку, які клапоціцца аб устойлівым развіцці краіны. Сёння выбар на карысць экабанкінга зрабілі больш за двухсот тысяч кліентаў.

А пачалася гісторыя экабанкаў у Германіі з банка GLS, які вось ужо 36 гадоў «круціць» грошы ўкладчыкаў, дбаючы не толькі аб прыбытку, але і аб навакольным асяроддзі. Паказчыкі лідэра сярод «зялёных» банкаў растуць як на дражжах: сёння ў яго амаль 150 тысяч кліентаў, пятая частка якіх прыйшла ў мінулым годзе, і звыш двух з паловай мільярдаў еўра актываў, што ўдвая больш, чым у 2010-м.

Між іншым, эксперты адзначаюць, што аналагічны рост індэксаў паказваюць і іншыя нямецкія сацыяльны банкі. Як, напрыклад, створаны ў 1994 годзе Umweltbank – адзіны нямецкі банк, які зафіксаваў у сваім статуце ахову навакольнага асяроддзя як мэту прадпрымальніцкай дзейнасці. Ключавыя рашэнні праўлення Umweltbank узгадняе з экасаветам і экакамісіяй, што ўваходзяць у структуру банка.

У 2002 годзе спіс сацыяльных банкаў Германіі папоўніў Ethikbank, што пазіцыянуе сябе як этыка-экалагічны банк. Ён інвестуе ў прадпрыемствы, строга прытрымліваючыся стандартаў устойлівага развіцця, а таксама ў сацыяльныя праекты. А вось у атамную і абарончую прамысловасць банк не інвестуе ўвогуле.

http://germania-online.ru

22.05.2013

У Германіі становяцца папулярнымі экабанкі

Stadtplan