У Германіі зацверджаны план па абароне клімату

. Павялічыць фота (© picture alliance / ZB) Федэральны ўрад Германіі зацвердзіў «План па абароне клімату 2050». Асноўныя пункты гэтага дакумента – амаль што поўны выхад з вугальнай энергетыкі, скарачэнне выкідаў у атмасферу парніковых газаў і іншых шкодных адыходаў і пераход на альтэрнатыўнае паліва.

Нацыянальная кaнцэпцыя абароны клімату, зацверджаная ў лістападзе гэтага года кабінетам міністраў, павінна да 2050 года зрабіць больш жорскімі нарматывы ў розных сектарах экономікі, навукі і грамадства. Адпаведна распрацаванаму плану да 2030 года Германія як мінімум на 55 працэнтаў (у параўнанні з паказчыкам 1990 года) скароціць выкіды парніковых газаў, а да 2040 года – па меншай меры на 70 працэнтаў. Такім чынам, Германія стане першай краінай, якая рэалізуе ўмовы «Парыжскага пагаднення па клімаце», што было прынята ў снежні 2015 года.

На справе план азначае, што інвестыцыі ў састарэлыя энерганосьбіты, а таксама ў звязаныя з імі працэсы перапрацоўкі, будуць ажыццяўляцца толькі ў выключных выпадках – калі, напрыклад, не існуе тэхналагічных магчымасцей і фінансава адэкватнай альтэрнатывы. Пры будаўніцтве дамоў павінны будуць выкарыстоўвацца сучасныя тэхналогіі ізаляцыі, а газавыя і масляныя сістэмы ацяплення і гарачага водазабеспячэння будуць замененыя. Пасажырскі і грузавы транспарт, як аўтамабільны, так і чыгуначны, водны і авіяцыйны, будзе пераведзены на альтэрнатыўнае паліва, для чаго неабходна распрацоўка новых тэхналогій для вырабу рухавікоў.

Адпаведна ўхваленай канцэпцыі, да 2050 года Германія амаль што поўнасцю адмовіцца ад вугальнай энергетыкі, а электраэнергія будзе вырабляцца з альтэрнатыўных  крыніц. Пераход на «чыстую» энергетыку павінен, у сваю чаргу, садзейнічаць у будучыні і стварэнню новых працоўных месцаў у эканамічна дэпрэсіўных регіёнах.

Дзяржаўны «План па абароне клімату 2050» вызначае асноўныя вехі грунтоўнай перабудовы ў эканоміцы і грамадстве. Размова ідзе пра будучыню энергетычнага комплексу, сельскай гаспадаркі, прамысловасці, транспартнай сістэмы і будаўніцтва.  Ва ўсіх названых сектарах традыцыйныя крыніцы энергіі будуць заменены на альтэрнатыўныя. У дакуменце падкрэсліваецца, што альтэрнатыўная энергетыка і энергаэфектыўнасць стануць у будучыні стандартам, калі размова ідзе аб інвестыцыях. Для паспяховага правядзення маштабнай рэструктурызацыі трэба распрацаваць і пачаць выкарыстоўваць інавацыйныя і эфектыўныя тэхналогіі.

Міністр аховы навакольнага асяроддзя Барбара Хендрыкс Павялічыць фота Міністр аховы навакольнага асяроддзя Барбара Хендрыкс (© picture alliance / Sebastian Willnow / dpa-Zentralbild / dpa)

«Я ўпэўнена, што мы здолеем да 2050 года ў значнай меры нейтралізаваць вылучэнне парніковых газаў, – так пракаментавала ўрадавае пагадненне федэральны міністр аховы навакольнага асяроддзя Барбара Хендрыкс (Barbara Hendricks). – Гэта, безумоўна, магчыма нават з улікам тых кампрамісаў, якія мы дасягнулі. Я веру ў тое, што нас чакае многа тэхналагічных адкрыццяў, аб якіх мы пакуль што і не падазраваем». Пад кампрамісамі міністр, у прыватнасці, мае на ўвазе тыя саступкі, на якія ўраду прыйшлося пайсці, каб дагадзіць прамысловасці.

Ксенія Максімава

21.11.2016

Germania-online.ru

У Германіі зацверджаны план па абароне клімату

.