Змена энергетычнага курсу ў Германіі – першыя поспехі

Energiewende in Deutschland Павялічыць фота (© dpa/picture-alliance) Першая справаздача Федэральнага ўрада ў рамках працэсу маніторынга «Энергетыка будучыні» паказвае: змена энергетычнага курсу ідзе ў належным накірунку. У рамках працэсу маніторынга «Энергетыка будучыні» Федэральны ўрад штогод падводзіць вынікі дасягненняў у змене энергетычнага курсу.

Змена энергетычнага курсу, з аднаго боку, з'яўляецца маштабным выклікам, з іншага боку, аднак, дзякуючы ёй адкрываюцца вялікія магчымасці. У многіх галінах асвойваюцца яшчэ невядомыя шляхі. Таму важным з'яўляецца пастаяннае і ўважлівае адсочванне змяненняў у дадзенай сферы. З гэтай мэтай Федэральным урадам быў ініцыяваны працэс маніто­рынга. У штогадовай справаздачы, якая складаецца Федэральным міністэрст­вам эканомікі і тэхналогій сумесна з Федэральным міністэрствам навакольнага асяроддзя, аховы прыроды і бяспекі ядзерных рэактараў, апісваецца прагрэс у дасягненні пастаўленых мэтаў і ход рэалізацыі ініцыяваных палітычных мер.

Пачынаючы з 2014 г. кожныя тры гады будзе складацца змястоўная справаздача аб дасягнутых выніках. Яна будзе асноўвацца на даных, назапашаных на працягу некалькіх гадоў для складання маніторынгавых справаздач, і слу­жыць асновай для правядзення паглыбленага аналізу. У працэсе маніторынга таксама ўдзельнічаюць прадстаўнікі навуковых колаў. Незалежная камісія, што складаецца з чатырох аўтарытэтных экспертаў па пытаннях энергетыкі, аказ­вае міністэрствам кансультатыўную падтрымку.

Вынікі змены энергетычнага курсу

У рамках энергетычнай канцэпцыі і змены энергетычнага курсу Федэраль­ны ўрад паставіў перад сабой шэраг амбіцыйных мэтаў. Першая справаздача за 2011 год паказвае, што змена энергетычнага курсу ва ўсіх важных галінах ідзе ў належным накірунку: 

· Спажыванне энергіі зніжаецца. У 2011 г. яно значна паменшылася (на 4,9 %), нягледзячы на прыкметна ўзрастаючую эканамічную актыўнасць. Валавае спажыванне электраэнергіі ў 2011 г. было на 1,5 % ніжэй, чым у 2010 г. і на 2,8 % ніжэй, чым у 2008 г. На абодва паказчыкі, аднак, паўплывалі і параўнальна мяккія тэмпературы.

· У цэлым пашырэнне выкарыстання аднаўляльных крыніц энер­гіі знаходзіцца на шляху да мэты. Доля аднаўляльных крыніц энер­гіі ў валавым канчатковым энергаспажыванні ў 2011 г. павялічылася і склала больш за 12 %. У сферы электраэнергетыкі паказчыкі пашырэння выкарыстання аднаўляльных крыніц энер­гіі перавышаюць намечаны мінімальны паказчык. У 2011 г. доля аднаўляльных крыніц энер­гіі ў валавым выкарыстанні электраэнергіі ўпершыню перавысіла 20 %, а ў першым паўгоддзі 2012 г. дадзены паказчык склаў прыблізна 25 %.

· Паказчык зніжэння выкідаў парніковых газаў у дакладнасці адпавядае германскім мэтавым арыенцірам па абароне клімату. Да 2011 г. аб'ём выкідаў парніковых газаў у цэлым удалося знізіць на 26,4  у параўнанні з 1990 г.

· Надзейнае забеспячэнне электраэнергіяй гарантавана нягледзячы на адключэнне васьмі атамных электрастанцый. Аднак, на поўдні Германіі сітуацыя з электрычнымі сеткамі застаецца напружанай. Таму апошняе ўнясенне змяненняў і дапаўненняў у Закон аб энергетыцы прадугледжвае новыя палажэнні па забеспячэнні рэзервовых магутнасцяў электрастанцый. Аснова для паскоранага пашырэння электрасетак ужо закладзена. 

Меры па ажыццяўленні змены энергетычнага курсу

Нягледзячы на тое, што мы ўпэўнена рухаемся наперад, мы ўсё яшчэ знаходзімся ў пачатку доўгага шляху. Для дасягнення амбіцыйных палітычных мэтаў у сферы энергетыкі і клімату і ў далейшым неабходны значныя намаганні. Неабходна яшчэ больш шырока выкарыстоўваць патэнцыял павышэння энергаэфектыўнасці з тым, каб і надалей зніжаць колькасць спажываемай энергіі ва ўсіх сектарах. Выкарыстанне аднаўляльных крыніц энер­гіі павінна і ў далейшым пашырацца, а існуючыя электрастанцыі неабходна перабудоўваць такім чынам, каб і наперад было гарантавана надзейнае энергазабеспячэнне. Пашырэнне электрычных сетак неабходна працягваць і ў будучым.

У цэлым з моманту прыняцця энергетычнай канцэпцыі было пачата ажыццяўленне каля 160 мер. Многія з іх ужо ўдалося рэалізаваць. У прыватнасці:

· была закладзена аснова для ўзгодненага планавання электрасетак і паскарэння працэдур планавання і атрымання дазволу;

· былі прыняты меры па павышэнні бяспекі інвестыцый у афшор­ныя ветравыя паркі і паляпшэнні каардынавання па меры пашырэння электрычных сетак;

· былі палепшаны магчымасці для інтэграцыі аднаўляльных крыніц энер­гіі на рынку і ў энергасістэму, а таксама зніжаны памер узнагароджання за падачу электраэнергіі з фотавальтаічных устано­вак;

· былі павялічаны сродкі, што вылучаюцца на санацыю будынкаў, і палепшаны ўмовы падтрымкі кагенерацыі як эфектыўнага спосабу выпрацоўкі энергіі.

У мэтах кіравання і каардынавання змены энергетычнага курсу Федэральны ўрад укараніў эфектыўныя структуры і рабочыя пра­цэсы, дзякуючы якім магчымы шырокі ўдзел адпаведных суб'ектаў. Важнымі элементамі пры гэтым з'яўляюцца структура кіравання на ўзроўні статс-сакратароў, канферэнцыі па пытаннях энергетыкі з удзелам Федэральнага канцлера і прэм'ер-міністраў федэральных земляў, што праходзяць кожныя паўгода, правядзенне рэгулярных кансультацый з федэральнымі землямі і дыялогу з рознымі прадстаўнікамі грамадства ў рамках форуму «Перспектыўныя электрасеткі», «Форуму па электрастанцыях» і форуму «Аднаўляльныя крыніцы энер­гіі».

Змена энергетычнага курсу ў Германіі – першыя поспехі

Energiewende jetzt!