Барацьба супраць прымянення смяротнага пакарання

Павялічыць фота

Германія разглядае права на жыццё як найвышэйшы здабытак. Таму Федэральны ўрад ужо на працягу многіх гадоў сумесна са сваімі партнёрамі па Еўрапейскім Саюзе ва ўсім свеце праводзіць актыўную палітыку супраць прымянення смяротнага пакарання. У гэтай справе дасягнуты значныя поспехі: узрастаючая колькасць дзяржаў – на дадзены момант больш за 130 – прыпыніла ці цалкам скасавала прымяненне смяротнага пакарання. Прыкладна 95% усіх пакаранняў смерцю ва ўсім свеце адбываюцца толькі ў сямі дзяржавах.

Наша дзейнасць супраць прымянення смяротнага пакарання ажыццяўляецца на розных узроўнях. У рамках Арганізацыі Аб'яднаных Нацый Федэральны ўрад Германіі актыўна ўдзельнічае ў распрацоўцы Рэзалюцыі ААН аб прыпыненні прывядзення ў выкананне смяротных прысудаў, якая рэгулярна прымаецца ўжо з 2007 года. Найважнейшы вынік паспяховага прыняцця дадзенай рэзалюцыі – гэта дакументацыя адзначаемай ва ўсім свеце тэндэнцыі да скасавання смяротнага пакарання. Апроч гэтага скасаванне смяротнага пакарання час ад часу знаходзіцца ў ліку тых тэм, якія абмяркоўваюцца з прадстаўнікамі іншых урадаў падчас двухбаковых перамоў. Дадзенае пытанне таксама ўключаецца ў розныя праекты, якія атрымліваюць падтрымку з боку Федэральнага міністэрства замежных спраў Германіі.

У прыватнасці, асабліва мэтазгоднымі з'яўляюцца праекты па распаўсюджваннi інфармацыі аб гэтай тэматыцы і павышэнні грамадскага ўсведамлення права на жыццё. І, нарэшце, Федэральны ўрад у цесным супрацоўніцтве са сваімі партнёрамі па ЕС прадпрымае вельмі вялікія намаганні для таго, каб у асобных выпадках пры дапамозе дыпламатычнага ўмяшання прадухіліць прывядзенне ў выкананне смяротных прысудаў, якія маюць адбыцца.

(Аўтарскія правы: Міністэрства замежных спраў Германіі)