Абарона праваабаронцаў

Aung San Suu Kyi, demokratische Oppositionsführerin in Myanmar und Friedensnobelpreisträgerin 1991, trifft Markus Löning, den Beauftragten der Bundesregierung für Menschenrechtspolitik und Humanitäre Hilfe Павялічыць фота (© picture-alliance)

Актывісты барацьбы за правы чалавека

У многіх краінах людзі ідуць на вялікую рызыку для таго, каб абараняць правы асобных персон, каб увогуле азнаямляць людзей з правамі чалавека ці ствараць арганізацыі па абароне пэўных правоў ці частак насельніцтва. Урачы, журналісты, адвакаты, суддзі, вучоныя, прафсаюзныя дзеячы ці супрацоўнікі праваабарончых арганізацый – дыяпазон шырокі. Часта яны ўмешваюцца ў палітычныя дэбаты і выстаўляюць аргументы на карысць абароны правоў чалавека, дзе іншыя кіруюцца толькі прынцыпамі палітыкі сілы ці асабістымі інтарэсамі. Без гэтых людзей для міжнароднага садзейнічання правам чалавека цяжка было б нават знайсці кропкі прыкладання, таму што любое развіццё, накіраванае на ўмацаванне правоў чалавека, павінна, у першую чаргу, зыходзіць з самога насельніцтва канкрэтнай краіны.

Фінансавая і дыпламатычная падтрымка

Федэральны ўрад Германіі падтрымлівае гэтых смелых людзей – ён вядзе з імі дыялог, абараняе іх дыпламатычным шляхам, а таксама аказвае ім фінансавую падтрымку там, дзе гэта дарэчы. Апроч гэтага, ён бесперапынна і вельмі пільна сочыць за сітуацыяй праваабаронцаў, у тым ліку пры дапамозе спецыялізаваных няўрадавых арганізацый, і выступае за заўсёднае паляпшэнне гэтай сістэмы маніторынгу. У гэтым кантэксце Федэральны ўрад цесна ўзаемадзейнічае з іншымі краінамі ў Еўрапейскім Саюзе, які на падставе ўласных дырэктыў для працы з праваабаронцамі паставіў свае ўласныя мэты для таго, каб у доўгатэрміновай перспектыве дасягнуць істотнага паляпшэння становішча праваабаронцаў.

Дэкларацыя ААН з азначэннем

У рамках Арганізацыі Аб'яднаных Нацый 9 снежня 1998 года была прынята "Дэкларацыя праваабаронцаў". Гэты дакумент разглядае ў прынцыпе кожнага чалавека, які ўдзельнічае ў мірнай дзейнасці па падтрымцы і абароне правоў чалавека, як праваабаронцу. Важным крокам наперад з'явілася заснаванне ў 2000 годзе Камісіяй па правах чалавека пасады Спецдакладчыка ААН па пытанні становішча праваабаронцаў.

Абарона пры дапамозе грамадскасці

Германія пастаянна падтрымлівае праекты праваабаронцаў і праекты па іх абароне. Да іх належаць праекты па падтрымцы міжнародных сетак ці таксама праекты па павышэнні кваліфікацыі адвакатаў у Судане ці суправаджэнне праваабарончых актывістаў у Калумбіі. Акрамя таго Федэральны ўрад рэгулярна предпрымае дэмаршы на карысць праваабаронцаў. Так, Федэральны канцлер, Міністр замежных спраў і іншыя шматлікія высокапастаўленыя прадстаўнікі Федэратыўнай Рэспублікі Германія сустракаюцца як з вядомымі актывістамі, так і з пакуль яшчэ невядомымі, але заслужанымі пісьменнікамі, адвакатамі ці ўрачамі, паколькі менавіта вядомасць і ўвага з боку СМІ з'яўляецца адным з многіх сродкаў, якія могуць забяспечыць гэтым людзям лепшую абароненасць. Як частка плана дзеянняў Федэральнага ўрада ў галіне правоў чалавека гэта тэматыка працягвае знаходзіцца на найвышэйшых пазіцыях павесткі дня знешняй палітыкі Германіі.

(Аўтарскія правы: Міністэрства замежных спраў Германіі)