Міністр замежных спраў Штайнмаер з нагоды адкрыцця выставы "Масавыя расстрэлы – Халакост паміж Балтыйскім і Чорным морам"

Außenminister Steinmeier Павялічыць фота (© photothek/Gottschalk)

Франк-Вальтэр Штайнмаер, член Германскага Бундэстага

Федэральны міністр замежных спраў

Адкрыццё выставы

Масавыя расстрэлы

Халакост паміж Балтыйскім і Чорным морам

 

Тапаграфія тэрору

Берлін

27 верасня 2016 г.

 

Паважаны спадар прафесар Нахама,

паважаны спадар Ноймэркер,

дарагі Цім Рэнер,

паважанае спадарства!

 

Сакавітая зеляніна, бярозы і хмызняк на заднім фоне, пакаты схіл, а на пярэднім плане бялеюць летнія кветкі.

 

Я апісваю фотаздымак усходнееўрапейскага пейзажу, фота нібы карціна. Вы знойдзеце яго на гэтай выставе, на правай задняй сценцы, і Вам будзе здавацца, быццам гэта аазіс. Гэта фатаграфія была зроблена нядаўна недалёка ад Мізача, пасёлку ў Заходняй Украіне.

 

Гэты фотаздымак – амаль прататып шырокіх пейзажаў рэгіёну, які займае мяне як міністра замежных спраў у апошнія гады так інтэнсіўна, як ніякія іншыя. Украіна, Расія, Беларусь, Малдова, краіны Прыбалтыкі – так часта я не наведваў у апошнія гады ніякі іншы рэгіён свету, не праязжаў і не пралятаў ніякія іншыя пейзажы, як гэтыя.

 

Дазвольце мне прывесці яшчэ некалькі геаграфічных назваў, на якія я натрапіў, рыхтуючы гэту прамову: Мінск, Рыга, Днепрапятроўск, Кіеў, Адэса, Кішынёў – буйныя гарады, і малыя гарады Дубасары, Паўлаград, Арцёмаўск. Усе гэтыя месцы я наведаў толькі за мінулы год, і, напэўна, многія з Вас ведаюць іх з навін і газет.

Таму што на фоне гэтых пейзажаў сёння пануюць канфлікты і напружаная атмасфера, якія адыгрываюць вырашальную ролю ў пытаннях бяспекі і будучыні Еўропы; якія нават зноў паднялі пытанне вайны і міру на нашым кантыненце. Мы, акторы знешняй палітыкі Германіі і нашы партнёры, прыкладаем усе магчымыя намаганні дзеля ўсталявання міру і паразумення ва ўсходняй частцы нашага кантынента, у прыватнасці, у канфлікце ва Усходняй Украіне.

 

Але – і гэта “але” мае вялікую вагу: па-за гэтымі пейзажамі, па-за гэтым “тут і цяпер” схаваны напластаванні з больш глыбокімі і лёсавызначальнымі сувязямі паміж намі, немцамі, і гэтым рэгіёнам. 75 гадоў таму назад разам з нападам нацысцкай Германіі на Савецкі Саюз пачалася невыказна бязлітасная вынішчальная і захопніцкая вайна. Больш за 25 мільёнаў людзей загінула ў Савецкім Саюзе, пераважная большасць з якіх - мірнае насельніцтва. Сярод іх было больш за 2 мільёна яўрэяў. Ужо ў першыя дні пасля нападу Германіі пачаліся забойствы, якія хутка ператварыліся ў сістэматычныя масавыя расстрэлы. Гэтыя жахі схаваныя за тымі ландшафтамі. Якімі прыгожымі ні былі б пейзажы, якія я апісаў, яны раненыя пейзажы. Такімі яны застаюцца да сённяшняга дня. Гісторык Цімаці Снайдэр назваў іх “крывавымі землямі”.

***

Гэтая выстава выдаляе наслаенні пейзажаў і слой за слоем дэманструе дэталі мінулага. Мінулага не толькі Усходняй Еўропы, але і Германіі. Я яшчэ раз назаву гэтыя месцы:

Мінск – 55.000.

Рыга – 45.000.

Днепрапятроўск – 16.000.

Кіеў – 35.000.

Адэса – 20.000.

Кішынёў – 1.500.

Дубасары – 5.000.

Паўлаград – 1.500.

Арцёмаўск – 1.500.

Гэта колькасць яўрэяў, – жанчын, мужчын і дзяцей – якія ўсяго за некалькі дзён былі расстраляны нямецкімі войскамі, эсэсаўцамі і паліцаямі ў названых гарадах.

***

 

У пачатку выставы, якую Вы зараз наведаеце, Вы адразу ўбачыце карту. Яна паказвае тэрыторыю ад Балтыйскага да Чорнага мора. На карце пазначана вялікая колькасць чорных кропак. Кожная кропка на карце паказвае месца, дзе было расстраляна больш за 500 чалавек. 10 з іх – гэта тыя месцы, якія я назваў. Усяго на карце пазначана 722 пункты. 722!

 

Скажу шчыра: у мяне быў шок, калі я першы раз пабачыў гэту карту. Магчыма, так адчуваеце сябе і Вы. І, магчыма, так будуць адчуваць сябе многія немцы, якія пабачаць гэтую выставу, і, я спадзяюся, іх прыйдзе вялікая колькасць. Але – і гэта “але” таксама мае вялікую вагу – для многіх немцаў гэта карта, можа быць, шок; для большасці людзей у рэгіёнах, якія закранула вайна, гэта не шок! Гэта штосьці шмат горшае: гэта адлюстраванне той самай цяперашняй памяці. Многія людзі там, перш за ўсё пажылыя, ведаюць гэтыя чорныя пункты і іх гісторыю. Яны ведаюць пра маўклівыя страшныя месцы перад варотамі сваёй вёскі; пра масавыя пахаванні, што параслі зялёнай травой. Некалі яўрэйскія суполкі і цыганы былі часткай штодзённага жыцця ў гарадах і вёсках. Сёння яны зніклі з большасці месцаў, і людзі жывуць там, маючы толькі цьмяныя ўспаміны. Яны жывуць з усведамленнем таго, што іх бацькі, бабулі і дзядулі пры расстрэлах дапамагалі капаць або засыпаць ямы, сартаваць адзенне ахвяр ці гатаваць забойцам ежу. Гэтыя пейзажы і ёсць тапаграфія тэрору.

***

 

Паважанае спадарства,

калі б я на пачатку выставы пералічыў такія назвы як Асвенцым-Біркенау, Трэблінка або Сабібор, мы б адразу ўспомнілі пра Халакост лагераў смерці. Гэтая выстава будзе спрыяць таму, што такія назвы як Рыга, Кіеў, Адэса або Кішынёў не будуць успрымацца нямецкім вухам толькі ў сувязі з цяперашнімі падзеямі і цяперашнімі канфліктамі, а будуць нагадваць нам і пра Халакост масавых расстрэлаў, і пра шматлікія наслаенні і гісторыі, і пра этнічныя змены і ўзрушэнні, якія знаходзяцца паміж мінулым і зрэзам сучаснасці. Упершыню мы бачым у Германіі выставу на гэтую тэму – пра забыты Халакост, Халакост праз масавыя расстрэлы. Я дзякую аўтарам выставы за гэта. Таму што як міністр замежных спраў Германіі я ўпэўнены: без усведамлення тых наслаенняў па-за пейзажамі, мы, немцы, – пры ўсім сумленным імкненні да ўзаемаразумення – ніколі не зможа адпавядаць той ролі, якую мы адыгрываем у гэтым регіёне!

 

***

 

Як гэта часта бывае, калі мы думаем пра Халакост, мы наўрад ці можам зразумець маштабы знішчэння ў яго велізарных памерах. Таму гэтая выстава працуе з прыкладамі. Яна распавядае гісторыі тых, хто загінуў, і тых, хто выжыў. І яна таксама дае злачынцам твар, яна паведамляе пра ўчынкі і матывы, а таксама пра далейшыя спробы як прапрацаваць мінулае, так і яго замяць.

 

Дазвольце мне таму расказаць прыклад, усяго адзін, з якога я ўжо нават распачаў. Фотаздымак пейзажу, які я апісваў у пачатку, быў зроблены ў пасёлку Мізач. Нямецкі вермахт акупіраваў пасёлак Мізач у канцы чэрвеня 1941 г. З пачатку жніўня да пачатку лістапада 1941 г. у гэтай мясцовасці было застрэлена 25.000 яўрэяў. Вясной 1942 г. яўрэі з Валыні мусілі перасяліцца ў гета. У канцы жніўня цывільная ўправа дамаўляецца з камандзірам паліцыі бяспекі на працягу пяці тыдняў забіць усіх яўрэяў за выключэннем 500 спецыялістаў. 11 кастрычніка гета акружаюць, а 13 кастрычніка – ізалююць. Яўрэі, якія жывуць у Мізачы, учыняюць пажар, каб даць некаторым магчымасць збегчы і каб іх маёмасць не трапіла ў рукі немцаў. Пажар патушаны, яўрэяў зганяюць на рыначную плошчу. Адтуль 14 кастрычніка іх выводзяць за горад да рова – на гэты зялёны луг на фота. Тым часам прыбыў атрад забойцаў з паліцыі бяспекі і службы бяспекі. Яўрэяў адводзяць групамі да рова, дзе яны павінны распрануцца і дзе іх стрэлам у патыліцу па аднаму забіваюць.

 

Ёсць 5 фатаграфій з гэтага 14 кастрычніка. Яны паказваюць людзей да і пасля расстрэлаў. Фатаграфіі прадстаўлены на выставе, Вы пазнаеце на іх роў з цяперашніх фотаздымкаў. На іх цяжка глядзець. Іх зрабіў нямецкі жандар Густаў Хіле. Выстава распавядае неверагодную гісторыю яго фотаздымкаў, пачынаючы ад ваенных дзён і заканчваючы іх роллю ў якасці рэчыўных доказаў у федэральных расследаваннях.

 

Але ёсць не толькі фота і рэчыўныя доказы. Таксама ёсць нешматлікія выжыўшыя – яны перажылі забойствы, пажар у гета, уцёкі ад нацыстаў і ўкраінскіх апалчэнцаў. Адна выжыўшая з Мізача сёння тут – гэта вялікі гонар: сардэчна вітаем Вас, спадарыня Клэр Борэн! Спадарыня Борэн, Вы расказалі нам свае ўспаміны, як Вы былі маленькай дзяўчынкай, калі прыйшлі нацысты. Спачатку яны забралі ў Вас Вашага любімага сабаку. Менавіта нямецкую аўчарку, па імені Рэкс. Калі Вам было 5 гадоў, у 1942 г., Вашай маці ўдалося з Вамі ўцячы. Ваш бацька быў расстраляны. Паўтары гады Вы і Ваша маці хаваліся, жылі ў халодных рвах у лесе, пазней – у свінарніку аднаго селяніна. Чырвоная Армія прыйшла вясной 1944 г. Я рады, што Вы сёння з намі. Няшмат засталося тых, хто перажыў Халакост, і гэта бясконца каштоўна, што Вы дапамагаеце нам у якасці сведкі таго часу выдаляць напластаванні. Вялікі дзякуй за Вашу гатоўнасць прыйсці сёння сюды.

***

Я лічу, што дапамагаць выдаляць гэтыя наслаенні – гэта абавязак і для Міністэрства замежных спраў. Гэта дыктуе нам наша гісторыя, гэты дыктуе нам наша адказнасць перад ахвярамі, што не ў апошнюю чаргу ўплывае на ход сучаснай знешняй палітыкі Германіі ў гэтым рэгіёне. Міністэрства замежных спраў Германіі падтрымлівае праект „Абарона памяці“, які праводзіць працу па захаванні месцаў масавых расстрэлаў. У апошнія гады пяць такіх месцаў ва Украіне былі ператвораны ў мемарыялы. Гэтай вясною кіраўнікі праекта вызначылі яшчэ 7 месцаў, над якімі яны будуць працаваць у бліжэйшыя гады. Таксама арганізацыя „Yahad-Іn Unum“, якая знаходзіцца ў Парыжы, вельмі актыўна займаецца выяўленнем месцаў масавых расстрэлаў ва Усходняй Еўропе. Міністэрства замежных спраў Германіі падтрымлівае яе на працягу многіх гадоў і я рады, што Андрэй Уманскі з „Yahad-Іn Unum“ сёння таксама тут прысутнічае. Дарэчы, дзякуючы яму і яго даследаванню мы маем карту з чорнымі кропкамі. Вас я таксама сардэчна вітаю! Я дзякую ініцыатыве „Yahad-Іn Unum“ і Вам, спадар Нахама і спадар Ноймэркер, а таксама вашым камандам. Вы археолагі супраць забвення, Вы ў літаральным сэнсе слова выдаляеце наслаенні на гэтых пейзажах.

 

Але дзякуючы гэтаму Ваш унёсак намнога большы! Прыклад так часта забываемага Халакоста масавых расстрэлаў паказвае, што мы, немцы, значна горш ведаем гісторыю і шрамы тых абласцей Усходняй Еўропы з іх шматлікімі наслаеннямі, чым мы прывыклі лічыць. Праўда і тое, што мы не так далёка прасунуліся ў справе пераасэнсавання нашай уласнай ролі, як мы прывыклі лічыць. Менавіта таму я лічу, што гэта так важна, каб падчас панавання новых канфліктаў ва ўсходняй частцы нашага кантынента мы яшчэ больш актыўна займаліся гэтым рэгіёнам. Менавіта зараз мы павінны ведаць больш адзін пра аднаго – і ніяк не менш! Таму новы інстытут даследаванняў Усходняй Еўропы ў Берліне мае важнае значэнне, таму кафедра ўкраіністыкі ў Грайфсвальдскім ўніверсітэце таксама мае важнае значэнне, якую мы ў мінулым годзе з дапамогай Міністэрства замежных спраў, на шчасце, змаглі захаваць.

***

 

Тое, што здарылася, сённяшняе пакаленне не можа змяніць. Але мы павінны ўзяць з гісторыі ўрокі. Гэта гісторыя ўсклала на нас адказнасць. Мы павінны прыняць гэтую адказнасць. Мова знешняй палітыкі не можа так зачапіць, як верш, які адлюстроўвае гэту адказнасць. Верш называецца „Бабін Яр“.На гэтым тыдні будзе адзначацца 75-я гадавіна тых жудасных двух дзён, калі 33.771 яўрэі – жанчыны, мужчыны і дзеці - былі расстраляны ў Баб’ім Яры каля Кіева. Верш напісаў у 1961 г. рускі паэт Яўген Еўтушэнка, Пауль Селан зрабіў яго пераклад. Экехард Маас зараз зачытае яго поўнасцю, а я хацеў бы напрыканцы прачытаць пару радкоў. Яны таксама пачынаюцца з наслаенняў па-за пейзажамі і выдаляюць іх:

„Над Баб’ім Ярам шапаценне дзікіх траў,

Дрэвы пазіраюць грозна, быццам суддзі.

Усё моўчкі тут крычыць, і, зняўшы шапку […]

Я сам нібы безупынны бязгучны крык,

над тысячамі тысяч пахаваных […]

Нічога ў ва мне пра гэта не забудзе!”