Прывітальнае слова Федэральнага міністра замежных спраў Зігмара Габрыэля з нагоды яўрэйскага Новага года 5778 (Рош ха-Шана) 21-22 верасня 2017 г.

Павялічыць фота

Жадаю ўсім суайчыннікам-яўрэям, іх сем’ям і сябрам шчаслівага 5778 Новага года!

Наяўнасць такой вялікай яўрэйскай абшчыны ў Германіі – гэта дарагі падарунак для нас, які мы, памятуючы пра Халакост, пераломны момант для цывілізацыі, прымаем з удзячнасцю і пакорай.

На жаль, іншы раз даводзіцца сустрэць варожае стаўленне да людзей яўрэйскай веры – на школьным двары, вуліцы ці ў Інтэрнэце, што цалкам недапушчальна. Зыходзячы як раз такі са сваёй гістарычнай адказнасці, але таксама і з пераканання, Германія адназначна выступае супраць антысемітызму і антысіянізму і актыўна абараняе правы чалавека, талерантнасць і ўзаемаразуменне паміж народамі.

І я таксама буду заўсёды выступаць за тое, каб яўрэйскія абшчыны маглі вызнаваць сваю рэлігію ў нашай краіне ў свабодзе і бяспецы.

Шчырае «Шана това!» пасылаю таксама ў Ізраіль і ва ўсе месцы, дзе святкуецца яўрэйскі Новы год. Мае сёлеташнія віншаванні асаблівым чынам звязаны з пажаданнем міру і спакою на Бліжнім і Сярэднім Усходзе. Зацяжныя канфлікты і беспарадкі прадстаўляюць сабой пагрозу не толькі для бяспекі Ізраіля, але і для ўсяго рэгіёну і Еўропы. Германія будзе і надалей выступаць за тое, каб знайсці сумесныя і доўгатэрміновыя вырашэнні для іх.

Салідарнасць Германіі з Ізраілем застаецца непарушнай. Права Ізраіля на існаванне не падлягае сумненню. Адносіны паміж Германіяй і Ізраілем набылі сёння велізарную глыбіню і выключную шырыню. Такая цесная сувязь паміж нашымі краінамі падобна на цуд. Гэтыя цесныя адносіны мы хочам падтрымліваць і далей.

Жадаю ўсім Вам радасных святочных дзён!