Двухбаковыя адносіны Германіі і Беларусі

Павялічыць фота

Па стане на кастрычнік 2016 г.

Палітычныя адносіны

Адразу пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі ў 1991 г. і аднаўлення дыпламатычных адносін 13 сакавіка 1992 г. германа-беларускія адносіны ў сферы палітыкі развіваліся спачатку станоўча. Да сярэдзіны 1990-х гг. актыўна ажыццяўляліся ўзаемныя візіты, праходзілі шматлікія сустрэчы на ўзроўні міністраў з абодвух бакоў. Пасля ўступлення А. Лукашэнкі на пасаду прэзідэнта (1994 г.) унутраная палітыка ў Беларусі ва ўсё большай ступені пачала абцяжарваць адносіны з дзяржавамі-членамі Еўрапейскага Саюза і такім чынам і з Германіяй. Гэта прывяло ўрэшце да рашэння Савета Еврапейскага Саюза ад 15 верасня 1997 г. аб абмежаванні палітычных адносін з Беларуссю. З таго часу Германскі Бундэстаг і Федэральны ўрад неаднаразова заклікалі Беларусь да прагрэсу ў галіне дэмакратыі, правоў чалавека і паважання прынцыпаў прававой дзяржавы.

 

Пакрокавае збліжэнне, якое пачалося ў 2008 г., было перапынена пасля прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010 г. Прэзідэнцкія выбары 19.12.2010 г., якія адзначаліся маніпуляцыямі і непразрыстасцю, прымяненне сілы з боку ўладаў супраць удзельнікаў дэманстрацыі і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, а таксама палітычна матываваныя прысуды, якія былі вынесены ў адносінах да болей чым 30 чалавек і прадугледжвалі для некаторых з іх пазбаўленне волі на некалькі гадоў, рэзка крытыкаваліся Федэральным урадам. Гэтыя падзеі нанеслі ўдар не толькі па працэсе дэмакратызацыі і збліжэнні Беларусі з ЕС, але і па двухбаковых адносінах Рэспублікі Беларусь з Германіяй.

 

Пасля вызвалення апошніх палітычных зняволеных 22 жніўня 2015 г., а таксама пасля прэзідэнцкіх выбараў 11 кастрычніка 2015 г., якія прайшлі без прымянення рэпрэсій і насілля (незалежна ад абгрунтаванай крытыкі з боку місіі назіральнікаў БДІПЧ у адносінах падрыхтоўкі і правядзення выбараў) адкрыліся новыя перспектывы для палітычнага і эканамічнага дыялогу. Таксама заслугоўвае прызнання роля Мінска ў кантэксце міжнародных намаганняў па мірным рэгуляванні ўкраінскага канфлікту. Трэба адзначыць сустрэчу ў «нармандскім фармаце» Федэральнага канцлера Меркель з прэзідэнтамі Аландам, Пуціным і Парашэнкам 11 і 12 лютага 2015 г. і Федэральнага міністра замежных спраў Штайнмаера з яго калегамі Эро, Лаўровым і Клімкіным 29 лістапада 2016 г., якія адбыліся ў Мінску.

 

На гэтым фоне пасля прэзідэнцкіх выбараў у кастрычніку 2015 г., якія прайшлі без прымянення рэпрэсій, ЕС разлічвае ў рамках пакрокавай стратэгіі на новы старт у адносінах з Беларуссю. Так, санкцыі супраць Беларусі спачатку былі прыпынены з лістапада 2015 г. на чатыры месяцы, а потым у канцы лютага 2016 г. у значнай ступені скасаваны. 18 лістапада 2015 г. Міністр замежных спраў Штайнмаер у Берліне прыняў свайго беларускага калегу Макея. З улікам парламенцкіх выбараў у верасні 2016 г., якія прайшлі ў цэлым без рэпрэсій, нягледзячы на існуючыя па-ранейшаму патрабаванні АБСЕ аб рэфармаванні выбарчага заканадаўства, Федэральны ўрад падтрымлівае новае збліжэнне і выступае за далейшыя крокі па абароне правоў чалавека, развіцці дэмакратыі і пашырэнні абмену ў галіне грамадзянскай супольнасці паміж абедзвюма краінамі. 13 сакавіка 2016 г. Германія і Беларусь адзначаюць 25-ю гадавіну аднаўлення дыпламатычных адносін.

 

З 24 па 26 лістапада 2016 г. у Мінску пасля пяцігадовага перапынку ўпершыню адбыўся Мінскі форум Германа-беларускага таварыства, які з часу яго заснавання ў 1997 г. стаў найбуйнейшай платформай для дыялогу ўрада, апазіцыі і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і які рэгулярна наведваюць высокапастаўленыя прадстаўнікі з Германіі і ЕС.

 

Адносіны ў галіне эканомікі

Аб'ём тавараабароту паміж Германіяй і Беларуссю за апошні год значна скараціўся і склаў 2,47 млрд. USD, што адпавядае 4,4% агульнага знешнегандлёвага тавараабароту Беларусі (аб'ём беларускага экспарту ў Германію склаў 1,09 млрд. USD (-34,3%), імпарт з Германіі ў Беларусь: 1,39 млрд. USD (-43,8%). У 2014 г. аб'ём двухбаковага тавараабароту склаў 4,08 млрд. USD або 5,3% усяго знешнегандлёвага тавараабароту Беларусі.       

У 2014 г. Беларусь экспартавала ў Германію перш за ўсё прадукты мінеральнага паходжання (1.654,1 млн. USD, што адпавядае 68,3% аб'ёму экспарту), металы і вырабы з іх (9,9%), прадукты хімічнай прамысловасці і сумежных галінаў (3,3%), драўніну і прадукты дрэваапрацоўкі (5%). З Германіі імпартуюцца пераважна станкі і абсталяванне (40% імпарту), транспартныя сродкі (8,8%), прадукцыя хімічнай прамысловасці і сумежных галінаў (14,2%), сінтэтычныя матэрыялы і вырабы з іх (12,1%).

Доля Германіі ў агульным аб'ёме прамых знешніх інвестыцый у 2014 г. склала каля 3,6% або 367,2 млн. USD. Такім чынам Германія заняла 4-е месца па аб'ёме прамых замежных інвестыцый.

Германская эканоміка прадстаўлена ў Мінску з 2001 г. Прадстаўніцтвам Нямецкага Саюза прамыслова-гандлёвых палат (DIHK). Нягледзячы на складаныя эканамічныя і адміністрацыйныя рамачныя ўмовы зараз у Беларусі дзейнічаюць каля 350 германскіх прадпрыемстваў. Каля 80 з іх маюць свае прадстаўніцтвы, якія амаль усе з'яўляюцца членамі Нямецка-Беларускага эканамічнага клуба. 

  

Адносіны ў галіне культуры

Асновай германа-беларускіх адносін у сферы культуры з'яўляецца Пагадненне аб культурным супрацоўніцтве, якое было падпісана ў 1994 г. Прыярытэтамі культурнага супрацоўніцтва з'яўляюцца сферы адукацыі і навукі, папулярызацыя нямецкай мовы, а таксама музыка, тэатр і выстаўкі. Адкрыты ў 1993 г. Інстытут імя Гётэ ў Мінску акрамя інтэнсіўнай моўнай працы арганізуе розныя мерапрыемствы ў галіне культуры ў сталіцы і рэгіёнах. Інстытут імя Гётэ курыруе таксама сетку нямецкіх бібліятэк у Беларусі.

Германская служба акадэмічных абменаў DAAD (прадстаўлена ў Мінску з 2003 г. Інфармацыйным бюро), Германскае навукова-даследчае таварыства і Фонд імя Аляксандра фон Гумбальдта падтрымліваюць навуковыя праекты ў Беларусі. Германская служба акадэмічных абменаў супрацоўнічаез вышэйшымі навучальнымі ўстановамі Беларусі, садзейнічае развіццю супрацоўніцтва з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі Германіі і штогод выдзяляе сотні індывідуальных і праектных стыпендый.

Заснаваны ў 1998 г. Інстытут нямецкіх даследаванняў (IfD) у Мінску ў канцы 2011 г. як асобны інстытут быў уключаны ў склад Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ён мае ў сваім распараджэнні самую вялікую па аб'ёме бібліятэку спецыяльнай літаратуры на нямецкай мове ў галінах эканомікі, палітыкі і права ў Беларусі. Новым накірункам дзейнасці інстытута з'яўляецца арганізацыя двухбаковых адукацыйных праграм у сферах эканомікі і культуры.

У галіне школьнай адукацыі ў Беларусі працуюць Цэнтральнае ўпраўленне па справах нямецкай школьнай адукацыі за мяжой (ZfA) і Інстытут імя Гётэ ў рамках ініцыятывы «Школы: партнёры будучыні», у якой на дадзены момант удзельнічаюць 22 беларускія школы. У канцы 2009 г. сваё прадстаўніцтва ў Мінску адкрыў Германскі саюз народных універсітэтаў «Deutscher Volkshochschul-Verband e.V.», які пад дэвізам «Адукацыя на працягу ўсяго жыцця» рэалізуе ў рэспубліцы праекты ў галіне адукацыі дарослых.

Традыцыйным кульмінацыйным пунктам германскай актыўнасці ў галіне культуры ў Беларусі з'яўляюцца Тыдні Германіі, якія арганізуюцца германскімі адукацыйнымі і культурнымі ўстановамі сумесна з іх беларускімі партнёрамі і Пасольствам Германіі штогод увосень і карыстаюцца вялікім поспехам. Традыцыяй стаў таксама ўдзел Пасольства Германіі і Інстытута імя Гётэ ў штогадовай Мінскай міжнароднай кніжнай выставе.

Адносіны ў сферы грамадзянскай супольнасці

Цесныя сувязі паміж Беларуссю і Германіяй традыцыйна існуюць у сферы грамадзянскай супольнасці. Вялікая колькасць прыватных германскіх ініцыятыў і праз дзесяцігоддзі пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986 г. актыўна працуе ў галіне гуманітарнай дапамогі з мэтай пераадолення яе наступстваў.

 

Шматлікія германскія няўрадавыя арганізацыі прысвяцілі сябе рабоце ў сферы прымірэння з Беларуссю, якая ў асаблівай ступені пацярпела падчас абедзвюх сусветных войнаў. У гэтым плане Федэральны ўрад падтрымлівае разнастайную дзейнасць грамадзянскай супольнасці, напрыклад, у кантэксце стварэння мемарыяла “Трасцянец”. Падрыхтаваная сумесна беларускімі і нямецкімі экспертамі вандроўная выстава аб лагеры смерці “Трасцянец” была прадстаўлена спачатку ў лістападзе 2016 г. у Гамбургу і 13 сакавіка 2017 г. будзе адкрыта ў Мінску. Выстава будзе паказана таксама і ў іншых гарадах Германіі і Беларусі.

 

Важную ролю для развіцця адносін паміж людзьмі абедзвюх краін адыгрываюць партнёрскія сувязі, у якіх прымаюць удзел па 22 горада-пабраціма з кожнага боку. Гэтыя сувязі паміж гарадамі дапаўняюцца партнёрскімі сувязямі паміж школамі.

 

З 1994 г. у Мінску ў якасці германа-беларускага сумеснага прадпрыемства працуе Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя Іаганеса Рау (ММАЦ), які паставіў перад сабой мэту стаць местам сустрэч, прымірэння і дыялогу. Разнастайная міжкультурная праца ў галіне адукацыі і кантактаў, арыентаваная на грамадзянскую супольнасць, якая праводзіцца ў такіх сферах, як палітыка, эканоміка, гісторыя, СМІ, экуменізм, навакольнае асяроддзе і сацыяльныя аспекты, садзейнічае станаўленню дэмакратычных структур і структур прававой дзяржавы.