Міністр замежных спраў Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер прыняў удзел у перамовах у Мінску па сітуацыі ва Украіне

Павялічыць фота

Міністры замежных спраў Расіі, Украіны, Францыі і Германіі сустрэліся 29 лістапада ў Мінску, каб абмеркаваць далейшыя крокі для ўрэгулявання сітуацыі на ўсходзе Украіны. У сталіцы Беларусі два гады таму было заключана першае Мінскае пагадненне аб мірным урэгуляванні канфлікту.

«Ужо даўно пара ўзяць сітуацыю пад кантроль і трымаць яе пад кантролем», - сказаў Франк-Вальтэр Штайнмаер перад тым як сесці ў самалет у накірунку Мінска. У дадзены момант, па яго словах, няма прычын быць задаволенымі: «Я спадзяюся, што з абодвух бакоў прысутнічае дастаткова адказнасці і разважнасці, каб прыйсці да паляпшэнняў, – гэта надзвычай неабходна ў інтарэсах людзей ва ўсходняй Украіне».

Сумесныя перамовы Міністраў замежных спраў і кіраўнікоў урадаў Расіі, Украіны, Германіі і Францыі называюцца па месцы іх першай сустрэчы «нармандскім фарматам». У перамовах 29 лістапада ў беларускай сталіцы прынялі ўдзел не толькі Міністры замежных спраў, але і таксама Спецыяльны ўпаўнаважаны германскага старшынства ў АБСЕ па Украіне і прадстаўнікі трохбаковай кантактнай групы. Дадзеная група складаецца з прадстаўнікоў Украіны, Расіі і АБСЕ.

Дамоўленасці аб спыненні агню ўсё часцей парушаліся на працягу апошніх тыдняў. Ужо дзве дамовы былі заключаны ў Мінску, каб зрабіць магчымым мірнае вырашэнне канфлікту. З таго часу Міністр замежных спраў Штайнмаер разам са сваім французскім калегам дабіваецца поўнага выканання дамоўленасцей абодвумі бакамі.

Важным крокам да гэтага з’яўляецца так званае раз’яднанне войскаў: спачатку ў трох зонах на ўсходзе Украіны канфліктуючыя бакі павінны адвесці ад лініі фронту войскі і зброю. У дзвюх з гэтых зон ужо зроблены першыя крокі. Падчас апошняй сустрэчы кіраўнікоў урадаў у нармандскім фармаце, якая адбылася ў Берліне ў лістападзе, канфліктуючыя бакі таксама пацвердзілі дасягненне дамоўленасці па «дарожнай карце». Гэта карта як план мірнага ўрэгулявання павінна вызначыць прымальныя для абодвух бакоў тэрміны для поўнага выканання Мінскіх дамоўленасцей.

Міністр замежных спраў Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер прыняў удзел у перамовах у Мінску па сітуацыі ва Украіне