Чым будзе жыць Германія ў 2015 годзе

На пачатку чэрвеня ў акрузе Гарміш-Партэнкірхен у замку Эльмау адбудзецца галоўная палітычная падзея года – саміт G7 Павялічыць фота На пачатку чэрвеня ў акрузе Гарміш-Партэнкірхен у замку Эльмау адбудзецца галоўная палітычная падзея года – саміт G7 (© picture alliance / Eibner-Pressefoto) 2015-ы год багаты на юбілеі, памятныя даты і важныя палітычныя сустрэчы.

Germania-online выбрала пяць найбольш значных для краіны падзей.

Сустрэча «вялікай сямёркі»

На пачатку чэрвеня канцлер Ангела Меркель будзе прымаць у Германіі кіраўнікоў краін-удзельніц G7: Францыі, Італіі, Японіі, Канады, Вялікабрытаніі і ЗША. Нагадаем, што з-за далучэння Крыма і расійска-ўкраінскага крызісу краіны, што ўваходзяць у G7, выступілі за выключэнне Расіі з групы і адмову ад фармату «васьмёркі». Саміт кіраўнікоў дзяржаў пройдзе ў акрузе Гарміш-Партэнкірхен у замку Эльмау і там ужо поўным ходам ідзе праца па падрыхтоўцы сустрэчы. Па падліках федэральнага ўрада расходы на правядзенне саміта складуць 81 мільён еўра. Удзельнікі будуць гаварыць аб міжнародных крызісах, а таксама фінансавай і эканамічнай палітыцы, навакольным асяроддзі і ахове здароўя.

А за два месяцы да саміту, у красавіку, у нямецкім Любеку пройдзе сустрэча міністраў унутраных спраў краін-удзельніц G7. На павестцы дня таксама стаяць крызісы ва Украіне, Сірыі і Іраку і пытанні сусветнай бяспекі. Гарадскія ўлады Любека радуюцца гонару прыняць высокапастаўленых гасцей, а вось палітычныя групоўкі левага толку плануюць у гэты дзень правесці вялікую пратэстную дэманстрацыю.

70 гадоў з дня заканчэння Другой сусветнай вайны

8 мая Германія разам з усім светам будзе адзначаць 70 год з дня заканчэння Другой сусветнай вайны – самай маштабнай катастрофы мінулага стагоддзя, якая адабрала 60 мільёнаў жыццяў. 8 мая 1945 года быў падпісаны акт аб безумоўнай капітуляцыі ўзброеных сіл нацысцкай Германіі.

У 2015 годзе памятныя мерапрыемствы будуць праходзіць пад патранажам прэзідэнта Германіі Ёахіма Гаўка і канцлера Ангелы Меркель. На 27 студзеня, 70-ю гадавіну  вызвалення Асвенцыма, запланавана прамова Ёахіма Гаўка ў мемарыяльным комплексе на тэрыторыі былога канцлагера, куды ў гэты дзень прыедуць апошнія былыя вязні і іх нашчадкі, што яшчэ жывуць.

25 гадоў Германскага адзінства

Ледзь толькі сціхлі салюты ў гонар юбілею падзення Берлінскай сцяны, як надышоў час рыхтавацца да наступнай падзеі: 3 кастрычніка 1990 года быў падпісаны Дагавор аб аб'яднанні Германіі, які канчаткова паклаў канец падзелу краіны на дзве дзяржавы. Юбілейная ўрачыстасць пройдзе ў Франкфурце-на-Майне. Гэта будзе гарадское свята, дзе на спецыяльнай «міле зямель» будуць прадстаўлены ўсе шаснаццать федэральных земляў Германіі. Цэнтральнай падзеяй стане святочная цырымонія ў будынку Старой оперы, на якую чакаюцца федэральны прэзідэнт Ёахім Гаўк, канцлер Ангела Меркель і некаторыя зямельныя прэм'ер-міністры. Таксама адзначаць юбілей будуць у Берліне і Лейпцыгу.

Год Лукаса Кранаха-малодшага ў Германіі

Рыхтуецца Германія і да яшчэ аднаго юбілею – 500-годдзю з дня нараджэння нямецкага жывапісца эпохі Адраджэння Лукаса Кранаха-малодшага, вядомага сваімі партрэтамі і міфічнымі сюжэтамі. 2015-ы год аб'яўлены ў Германіі тэматычным, і на яго робіць вялікую стаўку Нацыянальны камітэт Германіі па турызме, у якім падрыхтавалі турыстычны праект «Шляхі да Кранаха». Шырокай грамадскасці больш вядома імя бацькі і настаўніка жывапісца, Лукаса Кранаха-старэйшага, які праславіўся партрэтамі Марціна Лютэра. Але мастацтвазнаўцы сцвярджаюць, што ў выніку даследаванняў адкрылася сапраўднае значэнне Кранаха-малодшага для гісторыі жывапісу, а таму надышоў час для новых інтэрпрэтацый. У Вітэнбергу з ліпеня па лістапад будзе праходзіць выстава «Лукас Кранах-малодшы – адкрыццё выбітнога майстра». Тэматычныя выставы, прысвечаныя сям'і жывапісцаў, пройдуць у дванаццаці гарадах Германіі, звязаных з жыццём і творчасцю бацькі і сына.

Лейпцыгу – 1000 гадоў

Пад патранажам прэзідэнта Германіі Ёахіма Гаўка саксонскі горад Лейпцыг будзе святкаваць сваё тысячагоддзе. Летазлічэнне вядзецца з 1015 года, калі з'явілася першае пісьмовае ўпамінанне аб горадзе. У юбілейны год запланаваны цэлы шэраг святочных мерапрыемстваў. Сярод іх і тры традыцыйныя музычныя падзеі – фестываль Баха, фестываль гатычнай музыкі і Fête de la Musique. А ў чэрвені адбудзецца галоўнае народнае гулянне – святочны тыдзень «1000 гадоў Лейпцыгу». У гэтым годзе горад Лейпцыг рыхтуецца прыняць рэкордную для яго колькасць турыстаў з усяго свету.

Ксенія Максімава

15.01.2015

germania-online.ru

Чым будзе жыць Германія ў 2015 годзе

Stadtplan