Віны Германіі вярнуліся ў сусветную вінную эліту

Вінаробныя рэгіёны Германіі

Вінаробныя рэгіёны Германіі належаць да самых паўночных у свеце. Гэта таксама робіць нямецкія віны вельмі адметнымі праз доўгі перыяд выспявання вінаграду пры сярэдніх летніх тэмпературах, што надае віну знакамітую лёгкасць і фруктовы водар. Усе месцы вырошчвання вінаграду, апрача двух ва Ўсходняй Германіі, знаходзяцца на поўдні і паўднёвым захадзе краіны, а значыць, пад уплывам мяккага атлантычнага клімату захаду Еўропы і сухога кантынентальнага клімату яе ўсходняй часткі. Вінаград тут набірае менш цукру, чым роднасныя гатункі ў паўднёваеўрапейскіх суседзяў, і з яго атрымліваюцца далікатныя віны з меншым утрыманнем алкаголю.

Weinberg in Volkach Павялічыць фота (© picture-alliance/ dpa)

Першы перыяд росквіту нямецкага вінаградарства прыпаў на ранняе сярэднявечча. Трыццацігадовая вайна спрычынілася да таго, што вырошчванне вінаграду ў Германіі ці не поўнасцю спынілася, і новы ўздым галіны адбыўся толькі ў XVIII стагоддзі. Гэта было заслугай кляштароў, якія перадавалі свой шматгадовы досвед вінаградарам і спрыялі такім чынам устойлівасці традыцый вінаробства ў краіне. У музеі Дома Чорнагаловых зараз можна ўбачыць драўляныя бочачкі таго кшталту, што выкарыстоўваліся для перавозкі віна. І сёння яшчэ некаторыя кляштарныя вінаграднікі – няхай сабе і пад кіраўніцтвам свецкіх асоб – вырабляюць элітныя нямецкія віны, прызнаныя ў свеце.

Нямецкія гатункі вінаграду і разнастайнасць він сёння

Шмат якія віды нямецкіх лоз не сустракаюцца за межамі Германіі. Гэта тычыцца, у прыватнасці, белага Рыслінгу, белага Мюлер-Тургаў (вядомага таксама як Рыванэр) і чырвонага Позняга бургундскага (Шпэтбургундэр, Піно Нуар). Вельмі папулярнымі сталі ў апошнія гады таксама белы Сільванэр і чырвоны Дорнфэльдэр. Гаспадарчую важнасць для нямецкага вінаробства маюць каля 50 розных гатункаў вінаграду, 70% якіх ідуць на выраб белага і 30% – чырвонага віна.

Новае пакаленне нямецкіх вінаградараў

У апошнія некалькі гадоў у вінаградніках Германіі “дзьме свежы вецер”: новае пакаленне вінаградараў пракладае новыя шляхі і імкнецца да новых мэтаў, працуючы на спадчынных дзялянках. Спецыялісты з найлепшай адукацыяй, з практыкай вырошчвання вінаграду ў Старым і Новым свеце, узброеныя самымі сучаснымі тэхнічнымі прыладамі для вінаграднікаў і вінных скляпоў, вырабляюць больш элітных він міжнароднага ўзроўню, чым хоць калі раней. Пра станоўчы эфект ад гэтых змен сведчыць значнае павелічэнне экспарту, асабліва ў Злучаныя Штаты і ў Японію. Сёння нямецкія віны рэгулярна атрымліваюць узнагароды найвышэйшай вартасці на выстаўках, кірмашах і міжнародных конкурсах. У 2004 годзе нямецкая кампанія атрымала прыз як найлепшы ў свеце вытворца белага віна.

Немцы п’юць віно ці піва?

Glas Bier Павялічыць фота (© colourbox.com)  
Сёння немцы п’юць больш віна, чым піва. З паказчыкам 23,5 літра на душу насельніцтва ў год Германія займае чацвёртае месца пасля Францыі, Італіі і ЗША.
Падобна на тое, як культура спажывання віна ў Германіі зараз набыла сучасны выгляд і зрабілася адным са складнікаў ладу жыцця немцаў у ХХІ стагоддзі, змянілася і нямецкая кухня. Яна стала лёгкай, арыентуецца на сусветныя густы і займае, што да міжнародных наград, другое месца пасля Францыі. Добрае віно і сучасная кухня створаны адно для аднаго.