Пасаў – горад Нібелунгаў з італьянскім каларытам

Нямецкі Пасаў – горад-казка, горад-мара Павялічыць фота Нямецкі Пасаў – горад-казка, горад-мара (© Passau Tourismus und Stadtmarketing)

На паўднёвым усходзе Германіі, на мяжы з Аўстрыяй і Чэхіяй, на сутоцы трох рэк раскінулася «нямецкая Венецыя» – Пасаў, адзін з самых рамантычных баварскіх гарадоў з двухтысячагадовай гісторыяй і італьянскім каларытам.

Пасаў захапляе з першага погляду, а калі ад'язджаеш, сумуеш па яго баварскай гасціннасці і цёпламу паўднёваму шарму. Стары горад нагадвае карабель, які горда імкнеццца наперад: знаходзячыся на паўвостраве, ён амываецца водамі трох рэк розных колераў, што цякуць у тры розныя накірункі – блакітнага Дуная, зялёнага Іна і чорнага Ільца. Нездарма Аляксандр фон Гумбальдт назваў Пасаў «адным з сямі найбольш прыгожа размешчаных гарадоў свету».

Нямецкая Венецыя

Горад высокіх вежаў, вузкіх звілістых вулачак, што бягуць уверх і ўніз, вялікіх плошчаў, рамантычных набярэжных і казачнай прыгажосці мастоў – усё гэта Пасаў. У XVIII стагоддзі італьянскія архітэктары нанава адбудавалі некалі гатычны Павялічыць фота горад у стылі барока: квітнеючае епіскапскае княства выгарэла амаль ушчэнт ад страшных пажараў другой паловы XVII стагоддзя. На самай высокай кропцы старога горада Джаваі Батыста Карлоне аднавіў кафедральны Сабор Св. Штэфана –  сёння адзін з самых вялікіх барочных сабораў на поўнач ад Альп з самым вялікім саборным арганам у свеце –  з 17974 трубамі і 233 рэгістрамі.

Прывітанне ад рымлян

Гісторыя горада бярэ пачатак яшчэ ў I стагоддзі да н.э., калі кельты заснавалі тут паселішча. Пазней тэрыторыя стала рымскай правінцыяй з умацаваннямі – «Boiotro» і «Batavis» (ад апошняга, як лічыцца, і утварылася «Passau»). У V стагоддзі на паўвостраве аселі бавары. Пасля таго як горад у VIII стагоддзі стаў епіскапствам, у сярэдневяковы Пасаў, на зайздрасць суседняй Баварыі, валодаў вялізнай тэрыторыяй аж да сучаснай Венгрыі, і стаў самым вялікім епіскапствам Свяшчэннай Рымскай імперыі германскай нацыі. У склад Баварыі Пасаў увайшоў толькі на пачатку XIX стагоддзя, пасля таго як згубіў аўстрыйскія тэрыторыі. Аб часах сярэдневякоўя нагадвае крэпасць Фэстэ Обэрхаўс (Veste Oberhaus), што ўзвышаецца над старым горадам – адна з самых буйных крэпасцей, што захаваліся ў Еўропе.

Радзіма Нібелунгаў

Павялічыць фота

Разам з нямецкімі гарадамі Вормсам і Ксантэнам Пасаў прызнаны літаратураведамі «горадам Нібелунгаў» – радзімай «Песні аб Нібелунгах», аднаго з галоўных эпічных твораў чалавецтва. Вучоныя адзіныя ў тым, што другая частка апошняй сярэдняверхненямецкай версіі з месцам дзеяння на Дунаі была створана і аб'яднана з першай часткай невядомым аўтарам пры двары епіскапа Пасаў Вольфгера фон Эрла каля 1200 года. Каласальная карціна канца XIX стагоддзя на сцяне Ратушы ілюструе ўрывак з Сагі: Крымхільду з гунскімі ганцамі і Нібелунгамі гасцінна прымае ў Пасаў яе дзядзька, князь-епіскап Пільгерын. Яго прататып – Пілігрым, епіскап Пасаў канца X стагоддзя.

Музей шкла і танцы на сталах

Сакрэты хвалюючай гісторыі горада адкрываюць турыстам Рымскі музей, Музей скарбаў кафедральнага сабора і епархіі, а таксама гарадскі гістарычны музей Фэстэ Оберхаўс з назіральнай пляцоўкай. У Пасаў таксама знаходзіцца Музей сучаснага мастацтва і самы вялікі ў свеце музей баварскага, багемскага і сілезскага шкла. На вузкай вулачцы Хёльгасэ ў старым горадзе мастакі прадаюць свае работы і малююць партрэты.

У горадзе праводзіцца мноства штогадовых культурных мерапрыемстваў, напрыклад, знакамітае народнае свята піва Дульт – майскі Майдульт і восеньскі Хэрбстдульт, які заканчваецца скокамі падпіўшай моладзі на сталах у нацыянальных баварскіх строях. Дарэчы, мужчынскія скураныя баварскія штаны і шорты зараз у вялікай модзе таксама і ў дам.

У Пасаў мноства рэстаранаў на любы густ, але калі вы хочаце адчуць сапраўдны баварскі дух, вам трэба зазірнуць у старадаўнюю піўную, напрыклад у «Altes Bräuhaus» на Bräugasse, якую ўзгадваюць у гарадскім архіве яшчэ ў 1333 годзе. Пакаштуйце халаднаваты Вайцбір (Weizbier) – папулярнае ў Баварыі пшанічнае піва з фруктовым вострым смакам і шчодра, па-баварску, закусіце свінымі ножкамі, вэнджанай, лівернай або кравяной каўбасой. Аматарам кавы варта адправіцца ў кафэ-лаўндж «Diwan» на плошчы Нібелунгаў: з вышыні птушынага палёту адкрываецца цудоўная панарама на горад. Вось ужо восем стагоддзяў унікальную атмасферу стварае «Шарфрыхтэр-Хаўс» на Milchgasse: фільмы, тэатр і кабарэ ў камбінацыі з баварскай, аўстрыйскай і італьянскай кухняй.

На цудоўным блакітным Дунаі

Павялічыць фота

Аматары рамантычных водных прагулак могуць з Пасаў адправіцца ў працяглы круіз па Дунаі да Чорнага мора з заходам у Вену і Будапешт. Знатакам хрусталю рэкамендуюць пракаціцца на ўпрыгожаным крышталямі караблі «Swarovski». Для веласіпедыстаў Пасаў – сапраўдны рай: бясплатна і з карысцю для экалогіі можна дабрацца нават да Вены і Прагі. Вакол Пасаў распрацавана вялікая сетка пешаходных сцежак да шматлікіх крэпасцей і іх руін, палацаў, цэркваў і манастыроў, што схаваліся ў Баварскім лесе каля падножжа Альп.

germania-online.ru

Пасаў – горад Нібелунгаў з італьянскім каларытам

Stadtplan