Велікодныя звычаі ў Германіі: аб фарбаваных яйках і вершніках у фраках
Вялікдзень, падчас якога ўзгадваецца аб Уваскрэсенні Хрыстовым – адно з важнейшых святаў года, якое трывала ўвайшло ў культурную традыцыю немцаў. Людзі па ўсёй краіне адзначаюць гэта свята, часткай якога з'яўляюцца разнастайныя старадаўнія звычаі.
Павялічыць фота
(© picture-alliance / dpa)
Асабліва радуюцца дзеці, калі велікодны заяц у нядзелю хавае рознакаляровыя яйкі, каб іх маглі знайсці малышы. Пры гэтым цалкам магчыма, што ў некаторых яйках можа аказацца яшчэ слодыч або цацка.
Лепш за ўсё расфарбоўваць яйкі атрымліваецца ў сорбаў або лужыцкіх сербаў (лужычан) – славянскай меншасці, што жыве на ўсходзе Германіі на мяжы з Польшчай і Чэхіяй. Яны яшчэ ўдасканальваюць гэта мастацтва тым, што ўпрыгожваюць яйкі нават філіграннай вышыўкай.
Яшчэ адзін звычай, распаўсюджаны ў гэтым рэгіёне, - велікодныя конныя працэсіі: мужчыны ў фраках на святочна ўпрыгожаных канях скачуць ад вёскі да вёскі і абвяшчаюць аб Уваскрэсенні Хрыста. У такіх працэсіях могуць удзельнічаць да 200 вершнікаў, на абочынах дарог збіраюцца тысячы зацікаўленых гледачоў.
Яйка з'яўляецца таксама асноўным элементам упрыгажэння велікодных калодзежаў – звычая, які сустракаецца пераважна на поўдні і паўднёвым усходзе Германіі. Жыхары мястэчка разам упрыгожваюць калодзежы фарбаванымі яйкамі і кветкамі, ствараючы кожны раз новыя складаныя ўзоры. Людзі ахвотна прыходзяць паглядець на такія калодзежы на працягу ўсяго велікоднага часу, а ў некаторых мястэчках Франконіі яны становяцца сапраўднымі турыстычнымі славутасцямі.
Павялічыць фота
(© picture alliance / dpa)
Убачыць, як запальваюць велікодныя агні або пускаюць велікоднае кола, можна, перш за ўсё, на поўначы Германіі. Другі з гэтых звычаяў выглядае так: набітае сухім галлём і саломай дубовое кола падпальваюць і скатваюць з бліжэйшага ўзгорка. Калі яно паспяхова дакоціцца данізу, гэта значыць, што ўраджай будзе добрым. А вось велікоднай вадзе прыпісваецца асобая сіла: яна, кажуць, доўга не псуецца і асабліва добра ачышчае скуру. Хадзіць на Вялікдзень да бліжэйшай крыніцы, каб зачарпнуць велікоднай вады, – старадаўняя традыцыя. І, як са многімі іншымі святамі, з Вялікаднем таксама звязаны пэўныя стравы, напрыклад, велікодны куліч, рыба ў Перадвелікодную пятніцу і ягня ў Велікодную нядзелю.
Copyright: Auswärtiges Amt