Ва ўсходнія рэгіёны Германіі вяртаецца жыццё

Лейпцыг Павялічыць фота (© picture alliance / ZB)

Пасля ўз'яднання Германіі жыхары былой ГДР масава з'язджалі ў заходнія федэральныя землі – дзеля лепшай адукацыі і працы. Цяпер жа назіраецца супрацьлеглы трэнд: Усходняя Германія стала зноў прывабнай для жыцця.

Паўпустыя кафэ, зачыненыя школы, невялікая арэнда: яшчэ дваццать гадоў таму так званыя новыя федэральныя землі выглядалі выміраючымі. Пасля 1989 года, калі пала Берлінская сцяна і пачаўся працэс уз'яднання ГДР і ФРГ, з усходу краіны ў пошуках лепшага жыцця з'ехалі 1,8 мільёна жыхароў. Цяпер сітуацыя кардынальна змянілася. З 2012 года ў гэты рэгіён прыязджае больш людзей з Заходняй Германіі і з-за мяжы, чым з‘язджае з яго. Гэта высветлілася ў выніку даследавання, якое было праведзена берлінскім Інстытутам насельніцтва і развіцця. Эксперты прааналізавалі розныя статыстычныя даныя па тэрыторыі былой ГДР. Берлін, які дынамічна развіваецца, пры гэтым не ўлічваўся.

«Трэнд будзе ўзмацняцца», – лічыць дырэктар інстытута Райнер Клінгхольц. Зараз у безумоўным выйграшы ад тэндэнцыі, якая вызначылася, у першую чаргу буйныя гарады – Лейпцыг, Дрэздэн, Ена, Эрфурт і Патсдам. Невялікія камуны і вёскі па-ранейшаму губляюць насельніцтва.

Падчас даследавання былі скарыстаны даныя па 2695 населеных пунктах. Даследчыкаў цікавілі мігранты пяці катэгорый: тыя, хто пераязджае дзеля вучобы (ад 18 да 24 гадоў), дзеля працы (ад 25 да 29 гадоў), дзеля сям'і (ад 30 да 49 гадоў), людзі старэйшага пакалення, чые дарослыя дзеці пакінулі бацькоўскі дом (ад 50 да 64 гадоў) і пенсіянеры (ад 65 гадоў). . Павялічыць фота (© picture alliance / dpa)

Самымі прывабнымі для новых жыхароў усходніх тэрыторый з'яўляюцца ўніверсітэтскія гарады: узровень адукацыі там вельмі варты, пражытачны мінімум даволі нізкі і ёсць многа недарагога, але якаснага жылля. Па словах аўтараў даследавання, у буйных гарадах усё добра і з працай, таму многія выпускнікі ВНУ застаюцца там жыць. Чаго нельга сказаць аб маленькіх і неканкурэнтаздольных універсітэцкіх гарадах былой ГДР: атрымаўшы дыплом, учорашнія студэнты з іх з'язджаюць. Сярэднія па памеры гарады прывабліваюць дастаткова развітай інфраструктурай людзей старэйшага ўзросту – тых, хто адправіў дзяцей у дарослае жыццё і шукае камфортнае месца для ўласнага жыцця на пенсіі.

Даследаванне праводзілася пад патранажам упаўнаважанай Федэральнага ўрада па пытаннях развіцця ўсходніх рэгіёнаў Германіі Ірыс Гляйке. У адрозненне ад яго аўтараў, палітык ад партыі сацыял-дэмакратаў лічыць, што, нягледзячы на «радасную тэндэнцыю», гаварыць аб «змене трэнда» пакуль што рана. Яна лічыць, што адной толькі ўнутранай міграцыяй спад насельніцтва спыніць немагчыма, дзеля гэтага патрэбен прыток новых жыхароў з-за мяжы.

Ксенія Максімава

27.01.2016

Germania-online.ru

Ва ўсходнія рэгіёны Германіі вяртаецца жыццё

Kunstmuseum Dieselkraftwerk in Cottbus