Якасць жыцця ў Германіі прыкметна расце

Гайдэльберг Павялічыць фота (© www.colourbox.com)

Нямецкая газета „Цайт“ прадставіла вынікі даследавання, праведзенага кансалцінгавай фірмай Boston Consulting Group, якая параўнала якасць жыцця ў 163 краінах свету, прыняўшы пад увагу ўзровень заробкаў, эканамічную стабільнасць, сітуацыю на рынку працы, узровень адукацыі і інфраструктуры. Згодна з ім, Германія, якая заняла ў мінулым годзе 11-е месца, трапіла на 4-е месца і ўвайшла ў лік лідараў рэйтынгу.

Рэйтынг адлюстроўвае надзвычай паспяховыя вынікі Германіі адносна ўзроўню заробкаў, сітуацыі на працоўным рынку і адукацыі. У прыватнасці адзначаецца, што станоўчая эканамічная дынаміка не з’яўляецца вырашальным фактарам для высокай якасці жыцця. У параўнанні з іншымі краінамі Германія можа паспяхова выкарыстоўваць свае эканамічныя дасягненні на карысць усяго насельніцтва.

Германіі, аднак, таксама ёсць над чым папрацаваць. У першую чаргу, гэта датычыцца інвестыцый у транспартную і лічбавую інфраструктуру, якія б гарантавалі канкурэнтаздольнасць і эканамічную стабільнасць краіны.

Згодна з дакладам, краіны Заходняй Еўропы ў міжнародным параўнанні займаюць вядучыя пазіцыі: краінай з самай высокай якасцю жыцця стала Нарвегія, пасля якой ідуць Нідэрланды і Фінляндыя. Разам з Германіяй у лік лідараў рэйтынгу ўвайшлі яе суседкі Аўстрыя, Данія і Швейцарыя. Такія краіны Заходняй Еўропы, як Францыя (20-е месца), Італія (37-е месца), Партугалія (30-е месца) і Грэцыя (34-е месца) пагоршылі свае пазіцыі, перш за ўсё, па прычыне высокага ўзроўню беспрацоўя. ЗША, самая важная эканамічная нацыя свету, заняла ўсяго толькі 19-е месца, згубіўшы дзве пазіцыі ў параўнанні з мінулым годам.

Падрабязней (на ням. мове):

http://www.zeit.de/wirtschaft/2016-07/laenderranking-lebensqualitaet-deutschland-studie-vergleich?wt_zmc