Астраўны Берлін: музеі, паўліны і непрыступныя крэпасці

На большасць астравоў Берліна, як, напрыклад, на «Востраў моладзі» Insel der Jugend, трапіць можна па пешаходным мосце. Павялічыць фота На большасць астравоў Берліна, як, напрыклад, на «Востраў моладзі» Insel der Jugend, трапіць можна па пешаходным мосце. (© picture alliance / Arco Images GmbH)

Берлін – гэта не толькі еўрапейскі мегаполіс, але яшчэ і цэлы архіпелаг, няхай сабе і не зусім звычайны. Не верыце? Germania-online налічыла ў германскай сталіцы пятнаццаць астравоў, і зусім маленькіх, ненаселеных, і вядомых на ўвесь свет.

Liebesinsel – «Востраў кахання» у раёне Фрыдрыхсхайн, каля бухты Румельсбург. Ён узнік яшчэ ў эпоху Віслінскага абледзянення. У старажытных крыніцах востраў называюць па-іншаму, у тым ліку і «зладзейскім»: мяркуецца, што на ім рэгулярна хавалі крадзенае. У канцы XIX стагоддзя на востраве з'явіўся рэстаран, і гаспадар асабіста перапраўляў сваіх гасцей на вялікую зямлю і назад на плыце. А з 1999 года востраў знаходзіцца пад абаронай закону аб ахове прыроды. Liebesinsel – упадабанае месца зімоўкі для розных відаў птушак і кажаноў.

Insel der Jugend, або «Востраў моладзі» у раёне Альт-Трэптаў. Сваю назву ён атрымаў толькі ў 1949 годзе. У 1970-я на правым беразе вострава з'явілася перабудаваная баржа, дзе рэгулярна ладзіліся танцы, акрамя таго, у летні час на востраве праводзіліся канцэрты. З 1984 года тут размешчаны маладзёжны клуб INSEL. Трапіць на востраў можна па жалезным арачным мосце.

Lohmühleninsel. Да 1803 года тут знаходзіліся тры млына, якія працавалі на давальчыцкім збожжы, адсюль і назва – «Востраў млына». Плошча гэтага вострава 6,5 гектараў, а знаходзіцца ён у берлінскім Кройцбергу. Некалькі астраўных пабудоў і мастоў знаходзяцца пад аховай як гістарычныя помнікі, сярод іх – першая берлінская аўтазаправачная станцыя з прыдарожным кафэ.

Fischerinsel – або «Рыбацкі востраў» – такую назву носіць другая, паўднёвая частка Шпрэінзель. Да 1709 года гэта частка лічылася асобным горадам, пазней тут размяшчаўся рыбацкі пасёлак, які і падарыў гэтай частцы вострава яе цяперашнюю назву. Зараз Рыбацкі востраў забудаваны тыповымі панэльнымі будынкамі.

Востраў паўлінаў Павялічыць фота Востраў паўлінаў (© picture alliance / dpa)

Pfaueninsel – гэта «Востраў паўлінаў» на рацэ Хафель. На ім сапраўды знаходзяцца жывыя паўліны, прычым як «выставачныя экзэмпляры» у клетках, так і тыя, што вольна шпацыруюць па востраве. З архітэктурных славутасцей на востраве варта паглядзець замак, які быў пабудаваны ў якасці летняй каралеўскай рэзідэнцыі. Будынак ўключаны ў спіс культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

Schwanenwerder – другі, таксама «птушыны» востраў на рацэ Хафель. «Лебядзіны востраў» (які, дарэчы, раней называўся «пясчаным» знаходзіцца ў акрузе Штэгліц-Цэлендорф, на возеры Гросер Ванзе. З берага на яго можна трапіць па мосце, але толькі тэарэтычна. Амаль ўся тэрыторыя забудавана асабнякамі, і на прыватныя ўладанні турыстам уваход забаронены. З часоў кайзера тут жылі багатыя і вядомыя асобы, у тым ліку, напрыклад, выдавец Аксель Шпрынгер.

Museumsinsel – міма «Музейнага вострава» у Берліне не праходзіць ні адзін турыст. Больш дакладней так называецца паўночная частка вострава Шпрэінзель. На ёй размешчана цэлае сузор'е самых вядомых музеяў нямецкай сталіцы: музей Бодэ, Стары музей, Новы музей, Пергамскі музей і Старая нацыянальная галерэя. З 1999 года ансамбль уключаны ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Zitadelle Spandau Павялічыць фота Zitadelle Spandau (© picture alliance / ZB)

Zitadelle Spandau – гэта крэпасць-цытадэль эпохі Адраджэння ў Еўропе, якая найбольш добра захавалася. Яна размешчана на рацэ Хафель у берлінскім раёне Шпандаў і са знешнега боку акружана вадой. Падчас Другой сусветнай вайны крэпасць была моцна пашкоджана, але была адрэстаўравана. Зараз у яе сценах адкрыты Гарадскі гістарычны музей ваеннай зброі.

Scharfenberg – востраў Шарфэнбэрг (што можна перакласці як «Вострая гара») знаходзіцца ў водах возера Тэгелер Зе. Ад вялікай зямлі яго аддзяляюць усяго некалькі метраў, якія можна пераадолець пры дапамозе аўтамабільнага парома. Востраў знакаміты размешчанай на ім старой гімназіяй-інтэрнатам Schulfarm Insel Scharfenberg.

Reiswerder – «Рысавы астравок» – называюць берлінскім старажылам. Ён таксама «плавае» у водах возера Тэгелер Зе і адносіцца да раёну Райнікендорф. На ім няма ні водазабеспячэння, ні электрычнасці, тым не менш там разбіта мноства маленькіх садкоў. Летам іх прыязджаюць даглядаць аматары-натуралісты. Мясцовых жыхароў тут нямнога: дзве чалавечыя сям'і ды пара янотаў. А яшчэ на востраве пабудавана самая маленькая ратуша ў Еўропе.

Valentinswerder – «Валянцінаў астравок» з’яўляецца другім па велічыні востравам на возеры Тэгелер Зе і можа пахваліцца 26 мясцовымі жыхарамі. Большасць з іх – мастакі і іншыя творчыя натуры. Некалькі стагоддзяў запар востраў быў прыватным уладаннем, а зараз некаторыя берлінцы пабудавалі там сабе дачы. Забава не з танных: каб трапіць на свой участак, трэба мець яшчэ і ўласную лодку.

Seddinwall – гэта востроў з гісторыяй, які на працягу многіх гадоў пераходзіў ад аднаго прыватнага ўладальніка да другога. Пасля вайны, у 1950-м годзе, Зедзінгваль арэндавала Таварыства байдарачнага спорту, і з тых часоў востраў служыць сваеасаблівай базай для спартсменаў.

Schlossinsel Köpenick Павялічыць фота Schlossinsel Köpenick (© picture alliance / ZB)

Schlossinsel Köpenick – востраў-палац Кёпенік, які знаходзіцца на рацэ Даме і ўключае ў сябе як сам палац, так і прыдворны парк. Востраў лічыцца адным з самых ранніх паселішчаў на тэрыторыі сучаснага Берліна. У XVI стагоддзі курфюрст Ёахім II Гектар пабудаваў на востраве паляўнічы замак у стыле Рэнесанс. Раней Кёпенік быў самастойным горадам, а потым ужо ўвайшоў у склад Вялікага Берліна і стаў адным з самых зяленых раёнаў горада.

Luiseninsel – «Востраў Луізы» знаходзіцца ў цэнтральным гарадскім парку Ціргартэн. У 1808 годзе жыхары Берліна вырашылі ўсталяваць на востраве помнік каралеве Луізе, а вакол разбіць сады. Аднак падчас рэстаўрацыйных работ, прымеркаваных да 750-годдзя Берліна, яго было вырашана зняць і замяніць копіяй.

Baumgarteninsel, або «Востраў – пладовы сад» у раёне Кёпенік. Маленькі парк у водах ракі Шпрэ, засаджаны пладовымі дрэвамі, на жаль, для публічнага наведвання зачынены. Трапіць на востраў можна толькі на лодцы. Ці прайсці над ім па пешаходным мастку Katzengrabensteg, спуску з якога ўніз, на жаль, няма.

Ксенія Максімава

04.08.2014

http://germania-online.ru/

Астраўны Берлін: музеі, паўліны і непрыступныя крэпасці

Stadtplan