Frühlingsfest: вясне дарогу!

Атракцыёны нямецкіх гарадоў падрыхтаваныя да веснавога прыёму гасцей Павялічыць фота Атракцыёны нямецкіх гарадоў падрыхтаваныя да веснавога прыёму гасцей (© picture-alliance / dpa)

Традыцыйнае нямецкае свята вясны Frühlingsfest – гэта кірмашы, каруселі, мясцовая кухня, піва, музыка і мора весялосці. Яно дае пачатак доўгачаканаму сезону народных гулянняў на адкрытым паветры. Пры гэтым, напрыклад, свята вясны ў Штутгарце –  самы вялікі фальклорны фестываль у Еўропе, а ў Мюнхене – веснавы аналаг Актобэрфэста.

Адной з першых «ластавак» у гэтым годзе стане «Веснавы фестываль» у Гамбургу. Каля 260 яркіх палатак, атракцыёнаў, кіёскаў са слодычамі чакаюць гасцей з 20 сакавіка па 19 красавіка ў гарадскім раёне Хайлігэнгайстфэльд. Мінулагодні фестываль наведалі каля 10 мільёнаў турыстаў і жыхароў горада. На гэты раз поспех вырашана паўтарыць: «На нашым свяце знойдзецца забава для любога ўзросту», – гаворыць адна з арганізатараў Францыска Хаман (Franziska Hamann). Сапраўды, у век Інтэрнэта і лічбавых тэхналогій арганізатары гамбургскага веснавога фестывалю стараюцца вярнуцца да традыцый, абяднаць пакаленні і наладзіць па-сапраўднаму сямейнае свята. Кірмаш працуе кожны дзень да 23 гадзін, а ў выхадныя – да паўночы. Кожную пятніцу ў праграме фестывалю музыка і феерверкі.

Берлінскі «Фестываль вясны» запрашае гасцей ужо ў 45-ты раз. Маштабнае святкаванне разгорнецца з 27 сакавіка па 19 красавіка на вуліцы Курт-Шумахер-Дам, у раёне Райнікендорф. Вулічныя артысты і музыкі, кола агляду і ўсялякія атракцыёны, каруселі для самых маленькіх і маляўнічыя феерверкі, паўмятровыя сасіскі і самае лепшае берлінскае піва: фестываль чакае гасцей кожны дзень з 14 да 23 гадзін, у выхадныя і святы – з 12 гадзін. Па серадах тут праходзіць «Дзень сям’і» і квіткі на ўсе атракцыёны, каруселі і горкі каштуюць удвая танней. Кірмаш адкрыты і ў Велікодныя святы – 5 і 6 красавіка.

Свята вясны ў Нюрнбергу – гэта прыгожы франконскі фальклорны фестываль. У першы раз ён быў праведзены тут у 1826 годзе ў гонар Баварскага Караля Людвіга Першага. З тых часоў сваімі масавымі гуляннямі і ўрачыстым парадам маленькі Нюрнберг штогод прываблівае да двух мільёнаў гасцей. Свята праходзіць на паўднёвым усходзе горада, на тэрыторыі зялёнага масіву Дуцэнтайх – улюбёнага месца адпачынку жыхароў горада. Ад будынка галоўнага вакзала сюды можна даехаць на бясплатным старадаўнім трамвайчыку. У гэтым годзе свята пройдзе з 4 па 19 красавіка.

Веснавы фестываль у Гановеры доўжыцца 3 тыдні Павялічыць фота Веснавы фестываль у Гановеры доўжыцца 3 тыдні (© picture-alliance / dpa)

Самы вялікі ў Ніжняй Саксоніі «Веснавы фестываль» Гановера таксама адкрываецца ў Велікодную суботу, 4 красавіка, і доўжыцца тры тыдні. На гэты час плошча Шуцэнплац пераутвараецца ў сапраўдны гарадскі кірмаш: распісныя коні, рэтра-каруселі, лялечны «Тэатр Касперля», конкурсы і гульні для дзяцей, слодычы, музыка і весялосць. Па серадах тут – «Дзень сям’і», калі квіткі на ўсе атракцыёны каштуюць напалову танней, па чацвяргах – «Дзень жанчын», калі нявесты могуць праводзіць тут свае дзявочнікі, па пятніцах – вечар феерверкаў. За гастранамічную разнастайнасць на свяце адказвае «Піўная гільдзія» Гановера – абяднанне лепшых бровараў рэгіёна. Кірмаш адкрыты кожны дзень з 14 да 23 гадзін.

Мюнхенскі сезон народных гулянняў пачынаецца з правядзення «Веснавога свята» на знакамітым Лузе Тэрэзы. У гэтым годзе гэты народны фестываль будзе праходзіць з 17 красавіка да 3 мая. Яго называюць своеасаблівым веснавым варыянтам Актобэрфэста: для гасцей адкрыты біргартэны, працуюць каля ста гандляроў і артыстаў – музыкаў, фокуснікаў, хадакоў на хадулях, клоўнаў, жанглёраў, а яшчэ конкурс вулічных мастакоў, захапляючыя атракцыёны, цір і агромістае кола агляду. 26 красавіка для ўсіх аматараў фальклора тут праводзіцца «Дзень традыцый». Гасцей чакае выстава народных музычных інструментаў, аўтапрабег на старадаўніх аўтамабілях, традыцыйная баварская музыка і касцюміраванае шэсце.

Штутгарт не саступае Мюнхену ў традыцыі правядзення піўных святаў і адказвае за фестывальны настрой двойчы ў год – вясной і восенню. «Свята піва і вясны» лічыцца адным з самых маштабных фальклорных фестываляў ва ўсёй Еўропе. Калі на Канштатэр Вазэн – самай вялікай пляцоўцы Штутгарта – мэр горада ўрачыста адкрывае першую бочку з асаблівым «сакавіцкім» півам Märzen і пачынаецца святочная мітусня, гэта значыць, што пачаўся «вазэнцайт» – час народнага свята і ўсеагульнай весялосці. У гэтым годзе фестываль пройдзе з 18 красавіка да 10 мая. Гасцей чакаюць тры піўныя шатры Grandls Hofbräu Zelt, Göckelesmaier і Wasenwirt, швабскія стравы ад мясцовых кухараў, а таксама калейдаскоп нямецкіх традыцый ад гандляроў і фермераў з ўсіх куткоў краіны.

Даря Хрушчова

20.03.2015

Germania-online

Frühlingsfest: вясне дарогу!

Веснавое свята ў Мюнхене