300 гатункаў нямецкага хлеба

Павялічыць фота

Фота: У Германіі ёсць больш за 300 гатункаў хлеба.

Як падлічыла палата сельскай гаспадаркі зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія, летась сярэднестатыстычны жыхар Германіі спажыў больш за 87 кг хлебабулачных вырабаў. Паводле звестак Аб'яднання па вывучэнні збожжавай гаспадаркі, рынка і харчавання(GMF), нямецкія мукамольныя заводы вырабілі ў 2005 г. каля 5,6 млн. тон розных гатункаў мукі дробнага і грубага памолу з пшаніцы і жыта для выкарыстання ў краіне.


Разнастайнасць гатункаў хлеба ў Германіі, якіх налічваецца больш за тры сотні, не мае сабе роўных. А агульная разнастайнасць выпечкі яшчэ большая. Паводле ацэнак экспертаў, нямецкія пякарні штодзённа пастаўляюць каля 1200 відаў свежай здобы і дробных хлебабулачных вырабаў.


Багацце нямецкага асартыменту тлумачыцца ўнікальным у сусветным маштабе выпадкам спалучэння пшаніцы і жыта ў пекарскіх рэцэптурах. Гэта адбіваецца і на тым, якім відам хлеба грамадзяне Германіі аддаюць перавагу: паводле звестак маркетолагаў, верхнія пазіцыі ў рэйтынгупапулярнасці займаюць гатункі з сумесі аржанай і пшанічнай мукі. Хлеб з некалькіх відаў збожжа і хлеб з шатраванай мукі (з вотруб'ем) знаходзяцца, адпаведна, на другім і трэцім месцы.


Цэнтральнае маркетынгавае таварыства нямецкай аграрнай гаспадаркі (CMA) высветліла самыя папулярныя сярод бундэсбюргераў гатункі булачак: паводле даследавання, для 37% улюбёнай з'яўляецца “звычайная” выпечка з пшанічнай мукі, круглыя альбо прадаўгаватыя булачкі незалежна ад іх рэгіянальнай назвы (Brötchen, Schrippe, Semmel). Іншыя апытаныя назвалі сваім улюбёным гатункам адзін са шматлікіх спецыфічных відаў дробнай выпечкі. Спіс узначалілі з 29% і значным адрывам булачкі з некалькіх відаў збожжа, з шатраванай мукі (з вотруб’ем) ці з расплюшчанага зерня. За імі ў групу лідараў увайшлі булачкі з аржанай мукі (15%), вырабы, якія перад выпечкай апускаюць у раствор соды, як, напрыклад, крэндзелі (Brezel) і багеты (12%), і булачкі з макам (11%).


У Еўрапейскім Саюзе за немцамі – “хлебнай нацыяй” – ідуць Швецыя і Данія, дзе спажыванне на чалавека ў год складае больш як па 70 кг. Французы ў 2005 годзе з’елі ў сярэднім па 54 кг багету.