У Берліне пачалося аднаўленне Гарадскога палаца

Берлінскі Гарадскі палац на працягу некалькі стагоддзяў быў адным з сімвалаў Германіі. Павялічыць фота Берлінскі Гарадскі палац на працягу некалькі стагоддзяў быў адным з сімвалаў Германіі. (© picture alliance / dpa) У цэнтры Берліна пачаліся работы па аднаўленні Гарадскога палаца – былой рэзідэнцыі прускіх каралёў і германскіх кайзераў, якая была моцна пашкоджана ў гады Другой сусветнай вайны і пазней была зруйнавана ў ГДР. Нядаўна Федэральны прэзідэнт Ёахім Гаўк заклаў першы камень у фундамент новага палаца, адкрыццё якога прызначана на 2019 год.

Тое, аб чым у Германіі спрачаліся на працягу дзесяцігоддзяў, усё ж адбылося: у самым сэрцы Берліна, насупраць Музейнага вострава і Берлінскага сабора, нарэшце пачалося аднаўленне Берлінскага гарадскога палаца (Berliner Stadtschloss). Праект коштам 590 мільёнаў еўра (праўда, на думку экспертаў, бюджэт будзе хутчэй за ўсё перавышаны) літаральна раскалоў нямецкую сталіцу на два лагеры. Адны лічылі, што «бедны, але сексуальны» Берлін, што жыве за кошт паўднёвых земляў, не можа дазволіць сабе такую раскошу, іншыя меркавалі, што гораду неабходна вярнуць аб'ект гістарычнай памяці.

Пасля працяглай палемікі ў 2011 годзе Бундэстаг даў дабро на аднаўленне берлінскай славутасці. Зараз на яе месцы знаходзіцца інфармацыйны цэнтр «Гумбальдт-Бокс», дзе можна атрымаць падрабязную інфармацыю аб рэканструкцыі палаца, яго мінулым і  будучыні, а таксама падняцца на дах і палюбавацца відам на цэнтр нямецкай сталіцы. У 2019 годзе тут адкрыецца выставачны і адукацыйны цэнтр Форум Гумбальдта, куды з акраіны горада пераедуць некаторыя берлінскія музеі, напрыклад, Музей азіяцкага мастацтва і Этналагічны музей.

Па словах міністра транспарта Петэра Рамзаўэра, са з'яўленнем Гарадскога палаца Берлін зноў набудзе свой гістарычны цэнтр. «Штадтшлос – культурна-палітычная візітная картка ўсёй Германіі», – падкрэсліў ён.

Берлінскі гарадскі палац на працягу некалькі стагоддзяў сапраўды быў адным з сімвалаў краіны. Пабудаваны ў 1451 годзе на беразе ракі Шпрэе, спачатку ён служыў рэзідэнцыяй брандэнбургскіх курфюрстаў, а пазней і прускіх каралёў – для гэтага ў 1701 годзе фасад будынка і ўнутраныя памяшканні былі перароблены ў стылі барока.

Раскошны палац стаў сведкам і разбуральнага XX стагоддзя: з яго балкона ў 1914 годзе кайзер Вільгельм умацоўваў нацыянальны дух немцаў, у 1918 годзе Карл Лібкнехт абвесціў Германію сацыялістычнай рэспублікай, у канцы Другой сусветнай вайны палац быў моцна разбураны падчас бамбардзіровак і праз пяць гадоў быў зруйнаваны па загаду генсека ГДР Вальтэра Ульбрыхта.

09.07.2013

www.germania-online.ru

У Берліне пачалося аднаўленне Гарадскога палаца

Stadtplan