Павел Сімчанка прадстаўляе горад Дуйсбург

Павялічыць фота

Дуйсбург – вялікі індустрыяльны горад у федэральнай зямлі Паўночны Рэйн-Вэстфалія. У 90-х гг. я штогод там адпачываў у гасцявой сям’і, а на пачатку 2000-х мне пашчасціла вучыцца ва Універсітэце Дуйсбург-Эсэн. Дзякуючы гэтаму я добра пазнаёміўся з Рурскім рэгіёнам і яго жыхарамі. Тыповыя краявіды горада, ды і ўсяго рэгіёна – вялікія заводы. У маіх жа ўспамінах Дуйсбург – горад мастоў. Тут Рур упадае ў Рэйн, а для праходу барж пракапана цэлая сетка каналаў. Дуйсбург – адзін з самых вялікіх рачных портаў Еўропы. Тут зарэгістравана больш за 230 фірм, якія займаюцца грузаперавозкамі і лагістыкай. Калі глядзіш з моста на гружоныя баржы і партовыя краны – маштабы ўражваюць. Мастоў у горадзе безліч: малых і вялікіх, простых і велічных, аўтамабільных і чыгуначных. Яны маюць свае назвы і часта становяцца кропкамі арыенціру.

Каб даведацца больш пра порт і ўразіцца індустрыяльнымі пейзажамі, трэба абавязкова адправіцца на экскурсію на турыстычным карабліку альбо завітаць ва Унутраны порт (Innenhafen). Гэта новы культурны цэнтр Дуйсбурга. Тут часта ладзяцца масавыя гулянні і культурныя мерапрыемствы. Асаблівую папулярнасць набыў базар “Марына-маркт” (Marina-Markt), які ладзіцца рэгулярна з красавіка па кастрычнік. На ім можна паласавацца прысмакамі з розных куткоў планеты. Атмасфера “мульці-кульці”, такая характэрная для ўсяго Дуйсбурга, тут квітнее на поўную моц. Для тых, хто жадае бліжэй азнаёміцца з гісторыяй горада, раю агледзець рэшткі гарадскіх умацаванняў 12 – 14 ст. ва Унутраным порце.

Гарадскі музей гісторыі і культуры (Kultur- und Stadthistorisches Museum Duisburg) таксама варты ўвагі. Музею больш за 100 гадоў з моманту заснавання. Яго асаблівым гонарам з’яўляецца калекцыя картаграфічных прац вядомага фламандскага картографа 16 ст. Герхарда Меркатара (Gerhard Mercator). У музеі можна падзівіцца на шматлікія карты, атласы і нават на два арыгінальныя глобусы: Зямлі і неба. З 1552 па 1594 год Меркатар жыў і працаваў у Дуйсбургу. Прыгожая памятная дошка з надпісам-эпітафіяй з 17 ст. у яго гонар усталявана ў евангелічнай Царкве Збавіцеля (Salvatorkirche). Горад ганарыцца гэтым славутым вучоным. Вільгельм Лембрук (Wilhelm Lehmbruck) (1881-1919) - яшчэ адзін вядомы ўраджэнец Дуйсбурга. Творы скульптара можна ўбачыць у Музеі Лембрука (Lehmbruck-Museum). Дарэчы, будынак музея быў спраектаваны яго сынам Манфрэдам Лембрукам (Manfred Lehmbruck). Сучасныя скульптуры знаходзяцца не толькі ў выставачных залах, яны сустракаюць наведвальнікаў каля музея ў Садзе скульптур. 

У рэгіёне высокая шчыльнасць насельніцтва. Гарады сутыкаюцца межамі, таму вельмі часта размова ідзе не пра асобны горад, а пра Рурскую метраполію (Die Metropole Ruhr). У 2010 у рамках агульнаеўрапейскага праекта “Культурныя сталіцы Еўропы” Рурскі рэгіён у складзе 53 гарадоў нёс званне культурнай сталіцы, у тым ліку і Дуйсбург www.ruhr2010.de Гэты факт найлепшым чынам пацвярджае поспех намаганняў апошніх дзесяцігоддзяў па захаванні індустрыяльнай спадчыны рэгіёну і наданні ёй новага жыцця. Старыя заводы ператвораны ў паркавыя зоны. У цэхах можна паглядзець тэатральныя пастаноўкі. Свабодныя плошчы крэатыўна выкарыстоўваюцца пад арт праекты, выстаўкі і дыскатэкі. На тэрыторыі закінутага металургічнага завода на плошчы ў 230 гектараў створаны Ландшафтны парк Дуйсбург-Норд (Landschaftspark Duisburg-Nord), які запрашае наведвальнікаў не толькі падзівіцца на фантастычную падсветку монстрападобных завадскіх пабудоў, але і актыўна правесці час. Тут можна паныраць у вялізным рэзервуары для збору газу, заняцца альпінізмам у бункеры для руды альбо канатным паркурам у ліцейным цэху.

Калі распавядаеш пра Дуйсбург, немагчыма не ўзгадаць гарадскі заапарк. Ён быў заснаваны ў 1934 годзе. Сёння на плошчы ў 16 гектараў пражываюць звяры і птушкі з усіх кантынентаў. Некаторыя з іх знаходзяцца на мяжы вымірання ў дзікай прыродзе. Асаблівымі пунктамі прыцягнення для наведвальнікаў сталі дэльфінарый і Дом каал.

Дуйсбург хоць і не з’яўляецца турыстычнай меккай, але і ў горадзе, і ў так званым Рурскім гаршчку (Ruhrpott) заўсёды адбываецца нешта цікавае. Як тут кажуць: “Der Pott kocht,” што можна перакласці як “гаршчок бурліць”.

Крыніцы інфармацыі: www.duisburg.de  wikipedia

20.04.2016

Павел Сімчанка прадстаўляе горад Дуйсбург

Дуйсбург