Хольгер Рульф вырас у Берліне-Марыенфельдэ - адным з раёнаў германскай сталіцы

Хольгер Рульф Павялічыць фота (© Deutsche Botschaft Minsk)

Берлін! Кожны ведае сусветна вядомы мегаполіс, сталіцу Германіі з яе незлічонымі славутасцямі і амаль 4 мільёнамі жыхароў. Пешаходныя зоны ў цэнтры горада з фешэнебельнымі рэстаранамі, магазінамі і шматлікімі сувенірнымі крамамі змяняюцца вуліцамі з інтэнсіўным рухам. Многім маладым людзям, канешне, знаёма шумнае начное жыццё ў горадзе, які ніколі не спіць. Ніколі не спіць?  Не зусім так!  І тут ёсць мясцовасці, дзе амаль што нічога такога не адчуваецца.  

Я вырас у Берліне-Марыенфельдэ, што належыць да акругі Тэмпельхоф-Шонэберг, і хачу пазнаёміць Вас з гэтым, адным з самых зручных для жыцця раёнаў на ўскрайку горада. Здаецца, што вялікі горад тут заканчваецца і людзі своечасова кладуцца спаць. Таму, хто сюды прыязджае, гэта месца прадстаўляецца як невялікі горад, які не можа быць больш зялёным, чым ён ёсць. Гарадскія шматкватэрныя дамы тут чаргуюцца з утульнымі катэджамі.

Зразумела, тут таксама знойдуцца плюсы жыцця ў вялікім горадзе. Вядомыя сеткі супермаркетаў прывабліваюць наведвальнікаў багатым асартыментам. Хапае таксама і месцаў, дзе можна добра падсілкавацца. Але жыццё тут больш павольнае і спакойнае. Людзі сустракаюцца ў барах, гуляюць у парках і размаўляюць з суседзямі. Дзеці гарэзнічаюць на тратуарах, зялёных зонах і ў шматлікіх парках. Тут бачна чалавечнасць, якую згубілі многія жыхары вялікага горада. У той час як сусветна вядомы горад Берлін прываблівае шматлікімі спакусамі сучаснага жыцця, такія раёны як гэты – падыходзячае месца, каб крыху забыцца пра гарадскую мітусню.

Калі вам зноў захочацца прыгод і экстравагантных забаў, праедзьце хвілін дзесяць на гарадской электрычцы, у рэшце рэшт вы ўсё яшчэ знаходзіцеся ў Берліне.

13.01.2016

Хольгер Рульф вырас у Берліне-Марыенфельдэ - адным з раёнаў германскай сталіцы

Berlin-Marienfelde