Эрнст Крэс пазнаёміць Вас з цудоўным мястэчкам Біберах

Эрнст Крэс Павялічыць фота (© Deutsche Botschaft Minsk)


Першае ўпамінанне г. Біберах (Biberach an der Riss), які знаходзіцца на рацэ Рыс у Верхняй Швабіі (паўднёвы ўсход федэральнай зямлі Бадэн-Вюртэмберг), датуецца 1083-м годам. Два стагоддзі пазней ён набыў статус Вольнага імперскага горада, які падпарадкоўваўся не князю, а непасрэдна імператару Свяшчэннай Рымскай імперыі германскай нацыі. Толькі са знікненнем гэтай імперыі ў 1806 годзе, калі Напалеон прымусіў нямецкага імператара ў Вене (які адначасова з’яўляўся імператарам Аўстрыі) адмовіцца ад трона, Біберах страціў гэты статус, а разам з ім і аўтаномію з прывілегіямі, ў першую чаргу падатковымі.

Біберах здолеў захаваць па сённяшні дзень сярэднявечны характар багатага імперскага горада. Шпацыр праз старую рыначную плошчу і па прылягаючых вулачках зачаруе кожнага турыста. Варта прайсціся і ўздоўж гарадской сцяны, якая захавалася на ўзгорку Гігельберг (Gigelberg), адкуль адкрываецца неверагодная панарама горада і дзе знаходзіцца Белая Вежа (Weißer Turm) са слядамі шведскай аблогі ў часы Трыццацігадовай вайны 17-га стагоддзя. Сёння на Гігельбергу больш не праходзяць бітвы, тут ладзяцца вялікія гарадскія святы, як напрыклад, штогадовае свята стралкоў (Biberacher Schützenfest).

Біберах мае таксама пэўную культурна-гістарычную спадчыну: у першую чаргу як месца нараджэння і працы знакамітага нямецкага паэта, пісьменніка і перакладчыка Крыстафера Марціна Віланда (1733 – 1813). Першая пастаноўка Шэкспіра на нямецкай мове ў перакладзе Віланда адбылася ў 1761 годзе ў Біберахе! Дом камедыі, які знаходзіўся ў мінулай мясабойні (Komödienhaus in der Schlachtmetzig) і дзе пісалася еўрапейская тэатральная гісторыя, захаваўся і па сённяшні дзень.

Кожнаму, хто цікавіцца мастацвам, пажадана наведаць Біберахскі музей Браіта і Малі (Braith-Mali-Museum), у якім знаходзіцца спадчына мастакоў Антона Браіта (ураджэнца Бібераха, 1836 – 1905) і Крысціяна Фрыдрыха Малі (1832 – 1906). Гэты музей з’яўляецца адзіным цалкам захаваным мастацкім атэлье 19-га стагоддзя.

Біберах знаходзіцца на так званым Верхнешвабскім барочным турыстычным маршруце (Oberschwäbische Barockstraße). Гэты маршрут звязвае паміж сабой шматлікія сакральныя будынкі ў стылі барока ў Біберахе і вакол яго. Цікавым для турыстаў будзе таксама і наведванне Верхнешвабскага млынавага маршрута (Oberschwäbische Mühlenstraße), які ўяўляе сабой сетку водных млынаў на рэках Ілер, Рот і Рыс паблізу ад Бібераха. Наведаць ці хаця б убачыць знадворку можна каля 100 млынаў. Многія з іх яшчэ дзейнічаюць, у некаторых месцяцца музеі млына.
© Stadtverwaltung Biberach

30.12.2015

Эрнст Крэс пазнаёміць Вас з цудоўным мястэчкам Біберах

Stadt Biberach