Даніэла Грэбэр прадстаўляе горад Саарлуіс у федэральнай зямлі Саар

. Павялічыць фота (© Пасольства Германіі ў Мінску)

Саар – самая маленькая па плошчы федэральная зямля, якая размешчана на паўднёвым захадзе Германіі. Тут знаходзіцца не толькі металургічная спадчына, але шмат чаго яшчэ!

Вам увогуле вядома, што Саар раней належыў не Федэратыўнай Рэспубліцы Германія? Пасля Другой сусветнай вайны Саар з’яўляўся часткай французскай акупацыйнай зоны, а ў перыяд з 1947 па 1956 гады быў часткова незалежнай дзяржавай (пад палітычнай гегемоніяй Францыі) з уласным грамадзянствам, уласным сцягам, а таксама уласнай камандай на Алімпійскіх гульнях 1952 года! Некалькі гадоў пазней адбылося так званае “маленькае аб’яднанне”: 1 студзеня 1957 года Саар уступіў у Федэратыўную Рэспубліку Германія і зрабіўся 11-й федэральнай зямлёй.

Саарбрукен – сталіца Саара і месца знаходжання ўрада зямлі. Можа Вам вядомы Саарлуіс (Saarlouis), “таямнічая сталіца” Саара? Калі не, то варта наведаць былы французскі горад-крэпасць і яго наваколле.

Французскі кароль Людвіг XIV умацаваў горад Саарлуіс у 1680 годзе для абароны ўсходняй мяжы Францыі. Гэтым часам датуецца французскае „–louis“ у назве цяперашняга нямецкага горада. Падобны на зорку план тагачаснага горада-крэпасці можна распазнаць і сёння: рэшткі ўмацавальных збудаванняў (равы, валы, будынкі) былі інтэграваны ў гарадскую карціну.

Саарлуіс напоўнены шматлікімі вулічнымі кафэ, бістро, першакласнымі рэстаранамі і ўтульнымі гаштэтамі, якія пышуць жыццём. Асабліва прывабнымі для любога ўзросту з’яўляюцца шматлікія ўсталяваныя на індывідуальны лад гастранамічныя прадпрыемствы ў былых казематах (Kasematten) - умацаваных збудаваннях, якія часткова знаходзяцца пад зямлёй. Не менш цікавым з’яўляецца стары горад Саарлуіс, улюбёнае месца сустрэч рэгіёну. Для сяброў разнастайнай гастранаміі горад нават за мяжой лічыцца сакрэтам для пасвячоных.

Рэгіён Саарлуіс і яго наваколле таксама прапануюць шмат цікавых месцаў для экскурсій, тут кожны знойдзе штосьці для сябе.

Той, хто цікавіцца гісторыяй, наведае каля Бліскастэля (Blieskastel) гольскі камень (“Gollenstein”), найвялікшы менгір у Сярэдняй Еўропе. Вы можаце таксама наведаць магілу кельцкай княгіні (у Еўрапейскім культурным парку Bliesbruck-Rheinheim), рымскія вілы (Nennig, Borg) ці рымскі медны руднік (Emilianus-Stollen in St. Barbara). Для фанатаў сярэднявечча тут ёсць вялікая колькасць замкаў і маляўнічых замкавых руін, сябры барока знойдуць цікавыя для іх рэчы ў Бліскастэлі і Саарбрукене. Прадстаўніком навейшай гісторыі Саара з’яўляецца былы гіганцкі металургічны завод у Фёльклінгеры, што ўключаны ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Сябры прыроды і пешых падарожжаў знойдуць неабходнае ў рэгіёне Саарлуіса. Маляўнічыя вандровачныя шляхі на мяжы правядуць Вас то з аднаго, то з другога боку французска-германскай мяжы. У невялікім мястэчку Лейдынген мяжа праходзіць і ўвогуле па нейтральнай тэрыторыі менавіта праз цэнтр мястэчка. Там на адным баку вуліцы дамы стаяць у Германіі, на другім – у Францыі. З назіральнай пляцоўкі Клёф (Cloef) з вышыні 180 метраў Вы можаце ўбачыць сімвал Саара – Сааршляйфэ (лукавіна ракі Саар). Ці павандруйце праз разнастайныя ландшафты да непаўторных помнікаў прыроды: да Палаючай гары ў Дудвайлеры ці да авеяных легендамі фарміраванняў скал, як напрыклад, Шціфэль каля Санкт-Інгберта.

І Вы, канешне, ведаеце, куды можна вярнуцца пасля ўсіх стамляючых падарожжаў і наведванняў – у Саарлуіс,  “таямнічую сталіцу” Саара!

24.02.2016

Даніэла Грэбэр прадстаўляе горад Саарлуіс у федэральнай зямлі Саар

.