Германія для адпачывальнікаў

Германія як турыстычная краіна становіцца ўсё больш прыцягальнай для шматлікіх гасцей з-за мяжы. У 2007 г. колькасць начлегаў замежных турыстаў склала 55 мільёнаў, што перавысіла нават паказчык 2006 г., калі ў Германіі адбыўся чэмпіянат свету па футболе. Сярод гасцей большасць склалі жыхары Нідэрландаў, за імі следам ішлі турысты з ЗША і Вялікабрытаніі. Хоць замежныя госці ў асноўным наведваюць гарады Германіі, перш за ўсё сталіцу Берлін, аднак усё большай папулярнасцю карыстаюцца і традыцыйныя рэгіёны адпачынку немцаў. Прапаноўваем вам невялікі – і няпоўны – іх агляд.

München Павялічыць фота (© dpa)  

Баварыя, бясспрэчна, з'яўляецца месцам адпачынку нумар адзін у Германіі. Цэнтры прыцяжэння публікі – Мюнхен з піўным рэстаранам „Хофбройхаус“, Альпы і азёры, замкі Людвіга II, Нюрнберг з яго калядным кірмашом, Байройт і фестываль Вагнера. Аднак турыстычная галіна пастаянна прыдумвае нешта новае. Гэта тычыцца, напрыклад, „падарожжа па шляху Максіміліяна“. 360-кіламетровы шлях пракладзены па слядах караля Баварыі Максіміліяна II, які, як лічыцца, здзейсніў сваё падарожжа летам 1858 г., і вядзе ўздоўж паўночнага перадгор'я Альпаў ад Ліндаў праз Зонтхофэн і Фюсэн да Берхтэсгадэна. Крыху на поўнач ад гэтага маршруту падарожнікі могуць прайсці „сцежкай уздоўж лімеса“ (Limeswanderweg) па слядах старажытных рымлян. Тут былі раскапаны рымскія тэрмы, рэканструяваны вежы і ўмацаванні.

www.alpenverein.de   www.wanderbares-deutschland.de www.naturpark-altmuehltal.de

  Usedom - Ahlbeck Павялічыць фота (© picture-alliance/ dpa)

Паўночнае і Балтыйскае моры. Адразу тры федэральныя зямлі поўначы краіны дзеляць паміж сабой марское ўзбярэжжа Германіі – Ніжняя Саксонія, Шлезвіг-Гольштэйн і Мекленбург-Пярэдняя Памеранія. Апошняя, якой належыць найбуйнейшы нямецкі востраў Руген, на працягу шэрагу гадоў адзначаецца самымі высокімі тэмпамі прыросту наведвальнікаў. У цэлым „адпачынак на поўначы“ зараз вельмі ў модзе. Замежнікі здзіўляюцца характэрным плеценым крэслам з тэнтам, якія абараняюць адпачывальнікаў на пляжы ад ветру, дажджу і сонца. Тут таксама знаходзіцца найстарэйшы марскі курорт Германіі Хайлігендам, які ў 2007 г. стаў вядомым у свеце дзякуючы саміту „вялікай васьмёркі“. Самым славутым востравам Германіі між іншым па-ранейшаму застаецца Зільт, які, нягледзячы на рост колькасці наведвальнікаў, захаваў сваю славу прыстанішча для багатых і прыгожых. Для веласіпедыстаў з нядаўняга часу існуе „шлях вікінгаў і фрызыў“, які працягнуўся болей чым на 180 км ад Маасхольма на Балтыйскім моры да Санкт-Петер-Ордынга на Паўночным.

www.wikinger-friesen-weg.de

 

Schwarzwald Павялічыць фота (© dpa)

Шварцвальд і Бодэнскае возера. „Востраў кветак“ Майнаў, які прымае мільён гасцей штогод, уваходзіць у лік самых папулярных турыстычных месцаў у Германіі. Ужо вясной у мяккім клімаце Бодэнскага возера даюць парасткі мільёны кветкавых цыбулін. Летам госці сядзяць у цені пальм і секвоядэндронаў, да позняй восені радуюць вочы ружы і вяргіні. Гэта тварэнне памерлага ў 2004 г. ва ўзросце 95 гадоў шведскага графа Ленарта Бернадотэ, які прыехаў на востраў у 1932 г. Недалёка ад найбуйнейшага возера Германіі знаходзіцца Шварцвальд з яго маляўнічымі лясамі і азёрамі. Новы маршрут для аматараў горнага веласіпеда – гэта 15 тыс. метраў па ўзвышаных участках, якія чакаюць свайго заваёўніка. А вот прапанова для тых, каму даспадобы меней напружаныя заняткі – з вінаграду, які расце на схілах гор Кайзерштуль на Верхнем Рэйне, вырабляюцца некаторыя з лепшых нямецкіх він.

www.mainau.de www.kaiserstuhl.cc   www.bike-crossing-schwarzwald.info

 

Radler am Rhein Павялічыць фота (© dpa)


Даліна Рэйна. На працягу тысячагоддзяў Рэйн меў вялікае значэнне як найважнейшая транспартная артэрыя, якая спалучае поўнач і поўдзень. Пра гэта сведчаць гарады, крэпасці і замкі на яго берагах. З 2002 г. рамантычная даліна верхняй часткі Сярэдняга Рэйна паміж Бінгенам і Кобленцам знаходзіцца ў спісе Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Для пешых турыстаў у рэгіёне створана сетка „сцежак мары“. Галоўны цэнтр прыцяжэння для падарожнікаў – Ларэлея, скала на абрывістым беразе пад Санкт-Гоарам, з якой адкрываецца захапляючая дух перспектыва. Бессмяротнай яе зрабіў Генрых Гейнэ: „Я не ведаю, што здарылася са мной...“. Летам кірмашы, святы ў крэпасцях і рыцарскія турніры запрашаюць гасцей зрабіць падарожжа на машыне часу ў сярэдневякоўе.

www.loreleyinfo.de   www.traumpfade.info

 

Dresdener Neumarkt mit Frauenkirche Павялічыць фота (© dpa-Zentralbild)

Дрэздэн і даліна Эльбы. Царква Фраўэнкірхе, Оперны тэатр Земпера, музей „Зялёныя зводы“ - пасля рэстаўрацыі асноўных славутасцяў, якая патрабавала нямала сродкаў і часу, Дрэздэн прыцягвае больш гасцей, чым калі-небудзь раней. Аднак тут ёсць значна больш рэчаў, вартых ўвагі: кінематаграфічныя ночы на беразе Эльбы, пікнікі з класічнай музыкай, свята горада, дзіцячыя ралі па месцах жыцця пісьменніка Эрыха Кестнера, а таксама магчымасць здзяйсняць цудоўныя паездкі па навакольных мясцінах. Новага росквіту дасягнула ў Саксоніі вінаробства. Саксонскі вінны шлях працягласцю каля 55 км паміж мястэчкамі Пірна і Дысбар-Зойсліц пракладзены праз старадаўнія вінаробныя сядзібы і шыкоўныя замкі. У Пірне, дзе Эльба пакідае Эльбскія Пясчанікавыя горы, гасцей прыцягвае гістарычная рынкавая плошча, царква Марыенкірхе і „дом Каналета“. Недалёка адсюль і да Майсена, дзе знаходзіцца Дзяржаўная фарфоравая мануфактура – адна з буйных славутасцяў рэгіёну.

www.elbland.de   www.saechsische.weinstrasse.net   www.dresden.de